Пад беларускім прэсам: "АЭС як альтэрнатыва расійскаму газу"

У сераду прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду на тэму будаўніцтва беларускай АЭС. На нарадзе была пастаўлена задача распачаць будаўніцтва ў 2008 годзе. А намеснік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк на прэс-канферэнцыі заявіў, што ў эксплуатацыю атамную электрастанцыю Беларусь увядзе да 2020 года.
У інтэрв’ю “Інтэрфаксу” Міхадзюк паведаміў, што будаўніцтва АЭС у Беларусі – гэта дзяржаўнае рашэнне:

"Існуе два дакументы, якія прадугледжваюць рэалізацыю гэтага праекта: будаўніцтва АЭС прадугледжана Дырэктывай прэзідэнта N3, другі дакумент – гэта зацверджаная Канцэпцыя энэргетычнай бяспекі Беларусі. Там дакладна прапісана: пабудаваць АЭС магутнасцю 2 тысячы МВт да 2020 года".

Па беларускіх разліках, каштаваць нашай краіне электрастанцыя будзе каля 3,5 мільярдаў долараў. Цытуе міністра энэргетыкі Аляксандра Азярца інфармацыйнае агенцтва afn.by:

"Будаўніцтва першай беларускай АЭС абыйдзецца нам у 3,5 мільярда долараў". Па словах міністра, будаўніцтва АЭС стала неабходным з-за росту цэнаў на вуглевадародную сыравіну.

«Комсомольская правда в Белоруссии» разлічыла, што выдаткі на будаўніцтва электрастанцыі акупяцца ўжо праз 6-7 гадоў, але, зазначае “КП”, станцыю трэба яшчэ абслугоўваць, купляць ядзернае паліва, плаціць заробак супрацоўнікам і г.д.

Нагадаем, што 3,5 мільярда долараў – гэта больш, чым увесь золатавалютны запас нашай краіны. Больш за тое, гэтая лічба выклікае вялікія сумневы ў міжнародных экспертаў, яны лічаць, што Беларусі АЭС каштаваць будзе больш.

"Беларусі, перш чым пачынаць будаўніцтва АЭС, трэба дакладна падлічыць у колькі ўсё гэта абыйдзецца", - цытуе “Інтэрфакс” рэгіянальнага дарадцу ААН па энэргетыцы Яўгена Надзеждзіна.

Па яго словах, сусветная цана на будаўніцтва аднаго кілавата ўстаноўленай магутнасці АЭС складае не менш за 3 тысячы долараў, а не 1,2 тысячы, пра што заяўляў беларускі бок.

“У Беларусі няма поўнага ядзернага цыклу, захоўванне ядзерных адходаў каштуе вялікіх грошаў, таксама паўстаюць выдаткі па забеспячэнні бяспекі АЭС, паставак паліва. Навучанне персаналу таксама каштуе вялізных грошаў”, - папярэджвае Надзеждзін беларускіх чыноўнікаў.

Расійскі амбасадар у Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць, што будаўніцтва беларускай АЭС абыйдзецца нашай краіне не менш, чым у 4 мільярды долараў.

Вядома, што справа тут не толькі ў грошах. Беларусь ужо аднойчы пацярпела ад “мірнага” атаму. І людзі баяцца, што гэта можа паўтарыцца ізноў. Тым больш, што, як даведалася Еўрарадыё, у Расіі беларусам быў прэзентаваны эксперыментальны праект – рэактар, які пакуль не існуе, і не вядома як запрацуе.

Тым не менш, варта зазначыць, што з’яўленне ў краіне атамнай электрастанцыі можа знізіць залежнасць Беларусі ад паставак расійскага газу. Піша “Советская Белоруссия”:

"Удзельная вага прыроднага газу ў беларускай электраэнэргетыцы занадта высокая (больш за 95 %). Таму любое значнае павелічэнне цэнаў стварае вялікія эканамічныя складанасці".

Цікава, што нягледзячы на “Дырэктыву N3”, энэргазберажэнне і г.д. на 2008 год беларускія чыноўнікі ўзгаднілі з “Газпромам” пастаўку 21,6 мільярдаў кубаметраў газу – гэта амаль такі ж самы аб’ём, як і сёлета.

“Атам, вугаль, вецер, можна яшчэ сонечныя батарэі паставіць па ўсёй краіне, нягледзячы на тое, што ў беларускім клімаце сонечных дзён для гэтага вельмі мала, дровы і торф, аднак зніжаць аб’ёмы паставак падаражэўшага расійскага газу Беларусь не збіраецца.

Як часта не чытай канцэпцыю энэргабяспекі, рэальнай альтэрнатывы нафце і газу ў свеце пакуль яшчэ не прыдумалі” , - такое меркаванне выказвае інфармацыйнае агенцтва afn.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі