Пад Гроднам сабраліся разьбяры па дрэве з пяці краін (фота)
6 жніўня агратурыстычны комплекс “Гарадзенскi маёнтак “Каробчыцы” сабраў знакамітых разьбяроў па дрэве на VI Міжнародны пленэр.
Сюды прыехалі як майстры, так і аматары. Многія з 12 удзельнікаў будуць прымаць удзел не ўпершыню. Да працы ўжо прыступіў дзясятак разьбяроў з Польшчы, Літвы, Расіі і Беларусі. Украінцаў чакаюць на пленэр у суботу, 9 жніўня.
Працаваць майстры будуць над тэмай “Жывёлы маёй радзімы”, якую вызначылі арганізатары. Аднак разьбяры не абмежаваныя ў форме і дызайне скульптур — кожны абраў сабе персанажа па душы. Хтосьці выразае казачнага гнома, восліка, лісу з калабком, ката, сабаку ці птушку.
Напрыканцы пленэра драўляныя фігуры сумесцяць з лаўкамі. Традыцыйна яны застануцца ў маёнтку для ўпрыгожвання тэрыторыі. Працягнецца пленэр да 14 жніўня.