Пад Маладзечнам хочуць пабудаваць сховішча фекаліяў. Іх прывязуць з Мінска
Кар'ер, у якім плануюць размясціць сажалку-назапашвальнік / kraj.by
Улады плануюць пабудаваць пад Маладзечнам сховішча фекаліяў з мінскай каналізацыі. Для яго выбрана месца побач з вёскамі Краснае і Івонцавічы Маладзечанскага раёна, на месцы закінутага пясчанага кар'ера.
Калі сажалку-назапашвальнік пабудуюць, і яна пачне працаваць, дык пад Краснае са сталіцы штодзень стануць дастаўляць каля 50 самазвалаў каналізацыйных адходаў. Мясцовыя жыхары супраць — яны ўжо збіраюць подпісы.
Кар'ер пад Маладзечна абралі для "абязводжаных адходаў жыццядзейнасці чалавека" таму, што ён акружаны лесам, які перашкодзіць ветру разносіць непрыемныя пахі. Інстытут рыродакарыстання НАН Беларусі падрыхтаваў справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяроддзе (АУНА). Згодна з дакументам, усе нормы выкананыя.
Мясцовыя жыхары ад перспектывы суседства са сховішчам фекаліяў не ў захапленні.
— Калі сховішча будзе пабудаванае, нам застанецца толькі прадаць дом і з'ехаць адсюль, — распавядае выданню Kraj.by Андрэй, жыхар вёскі Краснае. — У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння сажалкі-назапашвальніка на навакольнае асяроддзе гаворыцца, што бліжэйшая водазаборная свідравіна знаходзіцца больш чым у двух кіламетрах ад участку будучай сажалкі, але гэта не так. Па карце можна вызначыць, што бліжэйшыя водазаборы садовых таварыстваў размешчаны на адлегласці каля 800 метраў. Жыхары Чысці нават склалі дакумент, які даказвае, што даследаванні праведзеныя некарэктна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.