Пад Столінам маланкай забіла раварыста
Трагедыя здарылася яшчэ ўвечары ў аўторак, аднак толькі цяпер стала вядомая дакладная прычына смерці мужчыны.
44-гадовы раварыст загінуў каля вёскі Лядзец Столінскага раёна ад удару маланкі. Гэта здарылася ўвечары 26 траўня. Труп мужчыны знайшлі на дарозе, побач ляжаў ровар і мабільны тэлефон. Судовая экспертыза высветліла, што мужчыну забіла навальнічнай маланкай.
У той вечар загінулы вяртаўся ў Лядзец да сваёй сужыцелькі пасля таго як адведаў маці ў Турах. Маці прасіла яго не выязджаць з дому, бо пачалася навальніца, але сын яе не паслухаўся.
Мужчына не быў жанаты і не меў дзяцей, паведамляе Медыя-Палессе.
Амаль год таму, 28 траўня 2014 года здарыўся такі ж самы выпадак — ад навальнічнай маланкі загінуў 41-гадовы жыхар вёскі Турскае.
Фота з архіву