Пад Віцебскам паўголыя мужчыны бегалі на лыжах (фота)

Незвычайным чынам адзначылі Раство віцебскія “маржы” — прыхільнікі здаровага ладу жыцця і загартоўвання. Выехаўшы за горад, яны спачатку прайшлі колькі кругоў на лыжах, распрануўшыся да пояса, а потым бегалі басанож і купаліся ў снезе. Паводле галоўнага віцебскага “маржа” Станіслава Шумякова, сам ён можа прабегчы на лыжах напалову распранутым кіламетраў 15. Астатнія, мабыць, крышачку меней. Да “маржоў” далучыліся сябры нядаўна створанага ў Віцебску клуба “Аптымаліст”, які злучыў моладзь, што вядзе цвярозы лад жыцця.



Самаму старэйшаму з “маржоў”, Барысу Цітову, хутка споўніцца 71 год. Ён падпалкоўнік у адстаўцы, кажа, што кожны дзень бегае ды купаецца ў палонцы. Самы малодшы з удзельнікаў акцыі – адзіннадцацігадовы школьнік Жэня Кульман з вёскі Заронава. Яго заахвоцілі “маржаваннем” бацькі.



Як распавёў Станіслаў Шумякоў, у Віцебску шмат ахвотных займацца экстрэмальным загартоўваннем. Адно засмучае — клуб не мае ніякага памяшкання. Пад “памяшканнем” спадар Шумякоў мае на ўвазе не шыкоўны офіс, а нейкае сціплае збудаванне, дзе “маржы” маглі б распрануцца ды пакінуць свае рэчы, не баючыся, што іх скрадуць прыхільнікі нездаровага ладу жыцця.












Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі