Падазраваны ў ілжывым паведамленні аб мініраванні вакзала прызнаў віну

Затрыманы па падазрэнні ў ілжывым паведамленні пра мініраванне чыгуначнага вакзала ў Мінску 23-гадовы хлопец прызнаў сваю віну. Свае дзеянні ён тлумачыць сваркай са сваёй маці. Нагадаем, учора невядомы патэлефанаваў у міліцыю Фрунзенскага раёна сталіцы і паведаміў пра закладзеную бомбу на вакзале.

Каля 12.30 дня пачалася эвакуацыя з будынка пасажыраў. Міліцыянты вывелі агулам каля тысячы чалавек.

Сапёры праверылі ўсе памяшканні, але выбуховага прыстасавання не знайшлі. Рух цягнікоў у гэты час не спыняўся.

Праваахоўным органам удалося ўстанавіць, што тэлефанаванне было зроблена з лецішча ў раёне Ждановічаў каля Мінску.

Неўзабаве ўдалося адшукаць і магчымага «тэрарыста», дарэчы, раней судзімага за грабеж і махлярства. Зараз ён правяраецца на дачыненне да іншых аналагічных здарэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі