"Пагоня" стала называцца "палком спецыяльнага прызначэння"
"Пагоня" стала называцца "палком спецыяльнага прызначэння". Пра гэта напісаў у Telegram яго ўдзельнік Вадзім Пракоп'еў. Паводле яго слоў, падраздзяленне прайшло "цяжкі шлях станаўлення".
"Мы павольна, але ўпэўнена працягваем ваеннае будаўніцтва, — піша Пракоп'еў. — Мы добра разумеем нашу галоўную місію. У нас вельмі вялікія мэты. Мы ні на секунду не забываліся навошта мы тут, на ўкраінскай зямлі. Свабода Украіны дае шанец і свабодзе Беларусі".
"Пагоня" "з мэтай максімальнага пашырэння свайго патэнцыялу і павышэння эфектыўнасці запрашае да партнёрства патрыётаў-прадстаўнікоў бізнесу".
Полк пачаў фармавацца ў сакавіку ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны. Нядаўна стала вядома, што першая група байцоў "Пагоні" падпісвае кантракты з Сіламі спецыяльных аперацый Украіны. Ім было паабяцана, што калі яны набудуць неабходны досвед, спецназаўцаў збяруць у адно беларускае падраздзяленне.
На баку Украіны ўжо некалькі месяцаў ваюе беларускі полк (былы батальён) імя Кастуся Каліноўскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.