Палітык Андрэй Клімаў шпіталізаваны

Сёння ў мінскім следчым ізалятары №1 пацвердзілі інфармацыю аб тым, што палітвязень Андрэй Клімаў адпраўлены ў рэспубліканскую турэмную лякарню.
Нагадаем, што былы дэпутат Вярхоўнага савета 13-га склікання скардзіўся на галаўныя і сардэчныя болі. Доўгі час у ізалятары палітыку не аддавалі лекі, якія яму перадалі сваякі. Маці палітвязня, Ала Клімава, двойчы звярталася да міністра аховы здароўя Васіля Жарко з просьбай аб тэрміновай шпіталізацыі сына.

Па неправеранай інфармацыі, апошнім часам самаадчуванне палітыка рэзка пагоршылася, паведамляе прэс-служба АГП (ucpb.org). Нагадаем, Андрэй Клімаў ужо трэці раз знаходзіцца за кратамі. Упершыню ён быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма ў 1998 годзе за фінансавае махлярства, аднак вызваліўся ў 2002 годзе.

У 2005 г. яго асудзілі на паўтара года за арганізацыю акцыі пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. На волю ён выйшаў у снежні мінулага года, але сёлета ў красавіку палітыка арыштавалі за паклёп на прэзідэнта. Падставай для гэтага стаў артыкул Клімава, размешчаны ў інтэрнеце, у якім палітык напісаў пра асабістую датычнасць Лукашэнкі да выкраданняў і забойстваў лідэраў беларускай апазіцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі