Палову сёлетніх рок-каралёў выберуць з аднаго кандыдата

14-я па ліку Рок-Кранацыя будзе складацца з 14-ці намінацый, сярод якіх прыхільнікі беларускай музыкі заўважаць нямала новых і забытых старых. Пра гэта распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў сёлетняй цырымоніі Павел Кашырын:

Павел Кашырын: “Адна з іх – “Рэп-праект года” вернецца пасля доўгага перапынку. Новая намінацыя ў нас “Поп-рок-праект”, таксама “Вяртанне году” – гурт, якія раней усе ведалі, потым ён знік і вось пасля некаторага часу ён зноў узнавіў сваю дзейнасць”.

Сябра “каранаванага” журы, музычны крытык і журналіст Зміцер Падбярэзскі лічыць вышэйназваныя намінацыі не вартымі для вылучэння: годны рэп-праект у нашай краіне адзін, а вяртанне году – рэч спрэчная. Адсюль і вынік ― палова намінацый атрымаліся безальтэрнатыўнымі:

Зміцер Падбярэзскі: “Я не ведаю, наколькі варта рэп вылучаць у асобную намінацыю – выбар, шчыра кажучы, не надта багаты, там практычна выбіраць няма з каго. Думаю, што “Нестандартный вариант” так ці інакш усіх пакладзе адразу. “Вяртанне года”… Ну не ведаю, хто вярнуўся. Я згодны, што гэта даволі штучная намінацыя, тым больш, што гэтых вяртанняў не 10 і нават не 5, каб можна было дакладна вызначыць, хто з іх лепш за ўсё вярнуўся”.

Сярод новых намінацый Рок-Каранацыі Павел Кашырын таксама адзначыў “Праект года”, за тытул якога пазмагаюцца праекты “Тузін. Перазагрузка” і “Музычны рынг” тэлеканала СТБ, а таксама “Падзею года”, якую абіралі на партале TUT.by.

На думку Змітра Падбярэзскага, падзеяй года можна лічыць мерапрыемства, якое мае працяг у будучыні:

Зміцер Падбярэзскі: “Па-першае, тое, што ўпершыню сайт Experty.by уручаў свае дыпломы па выніках 2008-га года. Я думаю, што трэба сюды занесці яшчэ фестываль Bela Music, сам факт правядзення якога пасля вялікага перапынку ў Беларусі пад адкрытым небам – гэта таксама падзея. І вось гэтыя два факты маюць надзею на тое, што будуць працягвацца. То бок, Experty ужо ўручылі свае ўзнагароды, фэст Bela Music таксама павінен адбыцца”...

Сярод вядомых намінацый сёлета асаблівую ўвагу прыцягваюць прэтэндэнты на “Песню года”. На гэта прэтэндуюць “Афрыка” Без Білета, ляпісаўскія “Ружовыя акуляры” і “Трыюмф Волі” Пукста. Па словах Змітра Падбярэзскага, сябры журы Рок-Каранацыі збольшага не ўдзельнічалі ў адборы намінантаў. Музычны крытык лічыць знакамітае шоў дастаткова ўмоўнай рэччу, якая адлюстроўвае толькі некаторыя падзеі музычнага года:

Зміцер Падбярэзскі: “Нам паступалі прапановы ад арганізатараў. Яны самі вызначалі. Я да гэтага даволі спакойна стаўлюся, таму што па сутнасці Рок-Каранацыя, вядома, падводзіць нейкія вынікі года, але разам з тым гэта дастаткова ўмоўная рэч. Я не скажу, што гэта гульня, гэта ўмоўная рэч, якая імкнецца адлюстраваць некаторыя падзеі мінулага музычнага года”.

Паводле Падбярэзскага, 2009-ты год у сэнсе выдання новых, у тым ліку і дэбютных альбомаў, стаў найбольш плённым у найноўшай гісторыі. Адпаведна, 2009-ты год стаў багатым на адкрыцці ў плане гуртоў. Тое, што арганізатары Рок-Каранацыі палічылі “Дэбютам года” толькі адзін гурт, Зміцер лічыць іх недасведчанасцю:

Зміцер Падбярэзскі: “Хутчэй за ўсё гэта, скажам мякка, недасведчанасць арганізатараў, недастатковая арыентацыя ў тым, што адбывалася цягам году”.

Дарэчы, склад журы сёлетняй Рок-Каранацыі па вялікаму рахунку не змяніўся. Паводле Паўла Кашырына, да кампаніі арганізатараў і заснавальнікаў мерапрыемства, музычнага крытыка Змітра Падбярэзскага ды музыкі Алега Хаменкі далучыліся 2 чалавекі:

Павел Кашырын: “Каардынтар грамадска-культурніцкай арганізацыі “Будзьма” Ніна Шыдлоўская і Алесь Мухін – вядучы беларускага клубу знатакоў “Што? Дзе? Калі?”, а таксама гулец маскоўскага элітарнага клубу “Што? Дзе? Калі?”. Ён новы для нас чалавек”.

Да таго ж Алесь Мухін выйдзе на “каранаваную”сцэну разам з Інай Кашырынай у якасці вядучага шоў. Сярод адмысловых гасцей цырымоніі ― паэты Міхал Анемпадыстаў і Леанід Дранько-Майсюк. Чакаецца, што яны будуць уручаць прызы.

Нагадаем, сёлетняя Рок-Каранацыя адбудзецца 4-га сакавіка ў мінскім “Рэактары”. Патрапіць на яе можна за 50 тысяч рублёў, а сядзець за столікам абыдзецца ўдвая даражэй.

Намінацыя
Прэтэндэнты Стаўкі Еўрарадыё
1.Дэбют года:
The Toobes The Toobes
2.Вяртанне года:
Жнюв Жнюв
3.Поп-рок-праект:
Open Space
Open Space
4.Рэп-праект:
Нестандартный вариант
Нестандартный вариант
5. Рок-Князёўна:
Насця Шпакоўская
Насця Шпакоўская
6.Традыцыі і сучаснасць:
Князь Мышкін Князь Мышкін
7.Выканаўца году:
Вайцюшкевіч, Міхалок, Кірчук, Артыст Вайцюшкевіч
8. Кліп года:
«Волки» J_Морс, “Восеньскі вальс” Vincent, “Буревестник» Ляпис Трубецкой, «Африка» Без Билета, “Madonna” The Toobes
«Африка» Без Билета
9. Песня года:
«Афрыка» Без Билета, «Трыюмф Волі» Сяргея Пукста, «Ружовыя акуляры» «Ляпіс Трубяцкой» «Афрыка» Без Билета
10.Альбом года:
«Hello» The Toobes, “Культпросвет” «Ляпіс Трубяцкой», “Афрыка” Без Билета
“Культпросвет” «Ляпіс Трубяцкой»
11. Гурт года:
The Toobes, «Ляпіс Трубяцкой», “Без Білета”
«Ляпіс Трубяцкой»
12. Падзея года:
канцэрт-прэзентацыя дэбютнага альбома The Toobes у Мінску, фэст Bela Music, фэст «Рок за Баброў», фэст «Рок па вакацыях», канцэрт-прэзентацыя новага альбома гурта «БЕЗ БІЛЕТА», канцэрт з нагоды 20-годдзя Neuro Dubel, канцэрт з нагоды 10-годдзя этна-трыа «Троіца», канцэрт з нагоды 10-годдзя «J:морс», канцэрт з нагоды 15-годдзя N.R.M. 20-годдзе Нейра Дзюбеля
13. Прыз за ўнёсак у беларускую музыку:
Крама
Крама
14. Праект года:
«Музычны рынг» тэлеканала СТБ і «Тузін. Перазагрузка»
«Тузін. Перазагрузка»


Еўрарадыё пра Рок-каранацыю:

“Рок-каранацыя” сёлета стане клубнай і аб’яднаецца з рэпам і поп-рокам

Сёлета адбудзецца апошняя "Рок-каранацыя"

Рок-кароны іх уладальнікі ці б’юць, ці з іх п’юць

Былы дэбютант Рок-каранацыі працуе ў фірме, што атрымала Нобелеўскую прэмію



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі