Палякі Беларусі прагаласавалі за Качынскага

На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Польшчы перамагла апазіцыйная партыя “Грамадзянская платформа”. Паводле апошніх звестак Цэнтрвыбаркама, партыя Дональда Туска лідыруе з вялікім адрывам — яна набрала каля 42%. На другім месцы — кіруючая кансерватыўная партыя “Права і справядлівасць” з 32%. Трэцюю пазіцыю займае блок “Левыя і дэмакраты” пад кіраўніцтвам былога прэзідэнта Аляксандра Кваснеўскага (больш за 13%). На апошнім месцы апынулася Польская сялянская партыя (каля 9%).

Грамадзяне Польшчы, якія жывуць у Беларусі, таксама прымалі ўдзел у галасаванні. У нашай краіне былі адкрытыя тры ўчасткі: у Брэсце, Гродне і Мінску. У якасці выбаршчыкаў былі зарэгістраваныя 297 чалавек, з іх аддалі свае галасы 210.

У цэлым па краіне, у адрозненні ад Польшчы, перамагла партыя Яраслава Качынскага: у Брэсце і Гродне “Права і справядлівасць” набрала большасць галасоў. А вось у Мінску перамагла “Грамадзянская платформа” Дональда Туска. Па суме на трох участках за партыю Качынскага прагаласавалі 93 чалавекі (па 24 у Мінску і Брэсце і 45 у Гродне), за Туска 75 (52 у Мінску, 10 у Брэсце і 13 у Гродне).

Пра галасаванне ў Брэсце распавядае генеральны консул Яраслаў Ксёнжэк.

“У Брэсце запісаліся на выбары 46 грамадзянаў Польшчы. Удзельнічала 40. Тут выйграла партыя “Права і справядлівасць”, якая набрала 24 галасы. На другім месцы — “Грамадзянская платформа” з 10 галасамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі