Памідор/OFF: Каб мог, скасаваў бы вынікі інтэрнэт-галасавання на "Басовішча-2008"

Канчатковым спісам конкурснай праграмы фестывалю "Басовішча-2008" суарганізатар Віталь Супрановіч незадаволены з-за адсутнасці “Ліцвін Троля”, а Аляксандр Памідораў не прызнае вынікаў інтэрнэт галасавання, а калі б меў магчымасць — увогуле іх скасаваў, а абраны гурт не пусціў на сцэну. 23 чэрвеня канчаткова сфармаваўся спіс конкурснай праграмы фестывалю "Басовішча-2008". Канкурсантаў выбірала журы, якое складалася з музыкаў Аляксандра Памідорава і Ігара Варашкевіча, музычнага журналіста Сяргея Будкіна, музычнага блогера Slaver і дырэктара студыі “ОСМОС” Паўла Юрцэвіча.

Адбор праходзіў у два этапы, на першым кожны сябра журы называў любую колькасць з 35 заяўленых гуртоў, якія яму спадабаліся. Пасля гэтага праводзілася рэйтынгавае галасаванне – кожны выбіраў 10 гуртоў і ставіў ім балы.

Дарэчы, сёлета толькі другі раз, за апошнія гады адбор удзельнікаў адбываецца не на канцэрце, а праз праслухоўванне запісаў. Адзін з суарганізатараў фэсту Віталь Супрановіч распавёў Еўрарадыё, што прычынай гэтаму сталі кошты арэнды клубаў, а часам і нежаданне даваць пляцоўку пад мерапрыемства:

Віталь Супрановіч: “Не было спрыяльных пляцовак. Адборачныя канцэрты не акупляюцца, а ўлічваючы што спонсараў натуральна няма, то не было фінансавай магчымасці правесці канцэрт”.

Віталь дадаў, што была магчымасць правесці адбор у DaClub, але тут не пагадзіліся самі гурты, маўляў, гэтае памяшканне і клубам цяжка назваць. Такім чынам на конкурс “Басовішча-2008” паедзе 9 гуртоў.

Гэта калектывы “Акропаль”, "Глюкі", Іntra muros, TLUSTA LUSTA, “Хуткi Смоўж”, Spita/\ь F і "Голая манашка". Таксама ўдзельнічае беларускамоўны гурт з польскага Гарадка, побач з якім і ладзіцца фэст, Over Day, і абраныя наведвальнікамі "Тузіна гітоў" Lost Regrets.

Але, напрыклад, Віталь Супрановіч не вельмі задаволены вынікамі адбору:

Віталь Супрановіч: “Мне здаецца, што павінны трапляць гурты, якія нейкім чынам праяўляюць актыўнасць. Хоць там ёсць некалькі гуртоў, якія я б таксама выбраў. Але тое, што не трапіў “Ліцвін Троль”, які даваў шмат канцэртаў і меў выступы за мяжой... Можа ў гэтым сэнсе канцэрта і не хапала, бо трошкі іншыя былі б гэтыя вынікі”.

Музычны журналіст і сябра журы Сяргей Будкін лічыць, што ў кожнага ёсць свае ўлюбёнцы і заўсёды крыўдна, калі яны не праходзяць, але і не адмаўляе што, калі б адбор праходзіў на канцэрце, то вынікі маглі быць іншымі:

Сяргей Будкін: “Там ёсць гурты, па-мойму большасць, якія проста на вялікай сцэне не гралі. Напрыклад, у мяне стаяла такое пытанне: “У залежнасці ад таго як бы яны выглядалі, як бы яны гралі...” Але з большага не магу ацаніць вынікі як негатыўныя ці пазітыўныя, усё ж такі сам конкурс пакажа”.

А вось музыку і сябра журы Аляксандра Памідорава вынікі адбору здзівілі, калі ён не знайшоў у спісе гурта ZigZag, за які прагаласавалі 3 з 5 сябраў журы, але знайшоў гурты, за якіх галасавалі толькі два чалавекі. А гурт, які быў абраны інтэрнэт-галасаваннем, ён увогуле не выпусціў бы на сцэну.

Аляксандр Памідораў: “На маю думку, можна было б лёгка ахвяраваць якім-небудзь “Акропалем”, каб паехалі іншыя гурты. А вынікі інтэрнэт-галасавання я б проста скасаваў. Гурт, які перамог у інтэрнэт-галасаванні калі б я мог, я б не выпускаў на сцэну. За яго не прагаласаваў ніводзін сябар журы ні на адным этапе”.

Дадам, што ў выпадку, калі нейкі з названых гуртоў не паедзе на конкурс існуе запасны варыянт, які складаецца з мінскіх гуртоў ZigZag, "Рокаш" і "Лютавер’е".

Што ж датычыцца па-за конкурснай праграмы фэсту, то пакуль дасягнулі дамоўленасці са шматлікімі польскімі гуртамі, з украінцамі “…И Друг мой грузовик” і амаль з усімі зоркамі беларускага рока IQ48, “Крама”, “Троіца”, Zet, Pomidor/OFF, WZ-Orkiestra і Neuro Dubel.

Старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў і дырэктар фэсту Радаслаў Дамброўскі дадаў, што яшчэ вядуцца перамовы з іншымі гуртамі. Што ж датычыцца складу журы конкурснай праграмы, то ён стане вядомым цягам бягучага тыдня.

Нагадаем, што XIX Фестываль Музыкі Маладой Беларусі “Басовішча-2008”, адбудзецца каля мястэчка Гарадок з 18 па 19 ліпеня.

ПРАГРАМА ФММБ БАСОВІШЧА 2008

ПЯТНІЦА 18.07.08
16.00 Адкрыццё Фестывалю
IQ 48 (BY)
Krama (BY)
конкурсная частка
Znicz (BY)
5set5 (Pl)
WZ Orkiestra (BY)
i Drug Moi Gruzovik (UA)
Troica (BY)
01.30 Zona Dj (намёт фестывалю)

СУБОТА 19.07.08
13.00 Праекцыі фільмаў праекту Filmowe Podlasie Atakuje! а таксама беларускага незалежнага кіно „A ty staryk kudy” + канцэрт Ilo&friends (намёт фестывалю)
16.00 Адкрыццё другога дня Фестывалю
Zatoczka (BY)
SOK (BY)
Rahis (BY)
Schody (PL)
Rima (PL)
Абвяшчэнне вынікаў/пачатак жывой трансляцыі на тэлеканале Белсат
Прэзентацыя лаўрэатаў
Zet (BY)
Pomidor/OFF (BY)
Dick4Dick (PL)
Neuro Dubel (BY)
02.00 Завяршэнне фестывалю

Фота: www.radio.bialystok.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі