Паніжэнне заробкаў засакрэцілі

Тарыфная стаўка першага разраду зніжаецца з 91 тысячы да 77 тысяч. Такое тэрміновае рашэнне прыняў беларускі ўрад. Праўда, дакумент пакуль засакрэчаны.
Днямі ў інтэрнэце з’явіліся наступныя вытрымкі з узгаданай пастановы:

“Устанавіць з 1 снежня 2008 года тарыфную стаўку першага разраду ў памеры 77 тысяч рублёў для аплаты працы супрацоўнікаў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту, а таксама карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі”.

На некаторых рэсурсах называўся нават нумар дакумента — Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1818 ад 29.11.2008. Дакумент, нібыта, толькі для службовага карыстання...

Еўрарадыё вырашыла знайсці гэтую сакрэтную пастанову. Цікава, што ў базе заканадаўства pravo.by мы без цяжкасцяў знайшлі пастанову №1817, за ёй ідзе №1819. А вось загадкавай пастановы №1818 — там няма!

Па тлумачэнні мы звярнуліся ў Міністэрства працы. Яго прэс-сакратар Галіна Трафіменка пацвердзіла, што такое рашэнне было, але зазначыла, што самога дакумента яны пакуль не бачылі. Цяпер, кажа, будуць разбірацца, дзе ён:

“Ну дык гэта ж Саўмін прыняў такое рашэнне. Я ведаю, што было такое рашэнне Саўміну ў сувязі з фінансавым крызісам, ці як там яны гэта тлумачаць... Ні ў мяне, ні ў міністра пакуль ніякіх дакументаў няма. Вось я цяпер і буду ўдакладняць, дзе гэты дакумент, куды людзей адсылаць... Вы лепш патэлефануйце прэс-сакратару Сідорскага”

Але і прэс-сакратар беларускага прэм’ер-міністра Аляксандр Цімашэнка не дапамог нам знайсці дакумент. Сказаў, што такой пастановы ў базе няма... Пакуль няма — дадаў ён:

“Пастановы з такім нумарам у мяне ў базе няма наогул. Я пра гэта нічога не ведаю. Стаўка можа быць зніжана пастановай. У некаторых СМІ ёсць нават нумар гэтай пастановы. У мяне ў базе такой пастановы няма. Я не магу сказаць, адкуль гэтая інфармацыя, што за яна... Я магу казаць толькі пра тое, што я бачу. Пастановы, якія ў нас прымаюцца, яны рэгіструюцца ў базе. Такой пастановы ў гэтай базе няма. На дадзены момант.”

Нагадаем, яшчэ ў лістападзе урад падвысіў тарыфную стаўку з 74 да 91 тысячы, аднак гэтае рашэнне на фоне сусветнага крызісу выклікала рэзкую крытыку з боку МВФ. Цяпер стаўку мы ізноў паніжаем.

Такім чынам, было 74 тысячы, стала 91, якую неўзабаве пераправілі на 77. Калі прыбраць прамежкавую 91, дык можна нават лічыць, што стаўка не паніжалася. А нават павысілася! На тры тысячы.

Ад новай пастановы, у выпадку, калі яе так жа сакрэтна не адменяць, пацерпяць у першую чаргу бюджэтнікі. У іх знізяцца заробкі. А вось студэнты, як ні дзіўна, могуць ад пастановы выйграць! Бо калі беларускія ВНУ падвышалі аплату за вучобу, тлумачылі гэта менавіта павелічэннем стаўкі. Цяпер было б лагічна знізіць аплату за навучанне...


Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі