Панк-канцэрт - справа сур'ёзная! Фотарэпартаж

17-га кастрычніка аматары панк-року радаваліся - у межах канцэрту "20 гадоў року" у нашу сталіцу завітаў гурт "НАИВ"!!! Увазе ўсіх зацікаўленых - фотарэпартаж з канцэрту ад Еўрарадыё!
На ўваходзе ў клуб "Рэактар", дзе і адбылася імпрэза, - шалёны натоўп фанатаў, які пачаў збірацца перад дзвярыма клуба задоўга да пачатку - нехта ўжываў напоі вядомага роду, астатнія знаёміліся і  гутарылі. Зразумець, што гэтыя "хлопчыкі" і "дзяўчынкі" прыхільнікі гурта "НАИВ", было вельмі проста - банданы, майкі з сімволікай куміраў, іракезы і спецыфічны make up - кожны абавязкова меў нейкі адметны знак.






Клуб быў поўным, танцплац - увогуле забіты бітком.  Здавалася, і варушыцца будзе цяжка, не тое што танчыць. Энергіі, якая вітала у гарачым паветры магло б хапіць, каб зараджаць акумулятары! Тое і зразумела: панк-канцэрт - справа сур'ёзная, проста так ніхто не стаіць!!!







Дастаткова было першых акордаў, каб зала ўзарвалася апладысментамі. Вакаліст гурта "Чача" Іваноў павітаўся, пры гэтым адзначыў, што гэта ягоны першы цвярозы канцэрт у Мінску.






Ігралі  "НАИВ" сапраўды класна, порцыя драйва і пазітыва дасталася ўсім. Сапраўднае панк-бязмежжа!!! У зале без перапынку спявалі песню за песняй. А "Се ля ви" і "Мама-анархия" сталі для прыхільнікаў гурта амаль гімнам панк-року. Былы хіт спявачкі Валерыі "Часики",  так спадабаўся музыкантам "НАИВа", што яны ўключылі песню ў свой рэпертуар, дадалі адпаведную аранжыроўку - і зараз штоканцэрт з задавальненнем выконваюць яе.





 
Не адбылося і без непрыемных сюрпрызаў: нехта ці то выпадкова, ці то спецыяльна кінуў на сцэну шкляную бутэльку з-пад піва, якая трапіла акурат... у галаву басіста гурта... Той у сваю чаргу вылаяўся і вырашыў, што пасля гэтага мінскія прыхільнікі не вартыя сузіраць ягоны твар, ды і павярнуўся да залі спіной.  Так і іграў да канца канцэрту - чым не ўрок правілаў паводзінаў у грамадскіх месцах?!






На якасці гука і даўжыні канцэрту гэты выпадак ніяк не адбіўся. На сцэне панавалі яны - героі і легенды, якія нават праз 20 гадоў не страцілі запалу і імпэту юнакоў.



Што ж дадаць - файны адбыўся канцэрт. "НАИВ" адыгралі на "біс" і праз колькі хвілінаў нечакана выйшлі ў залу - раздавалі аўтографы і фоткаліся з усімі жадаючымі пад гукі "Belorussia liberta" з плыткі Ляпісаў, якую, як мы даведаліся,  "Чача" Іваноў набыў ў мінскай музычнай краме і прынёс з сабой.




Спадзяемся, музыканты не прымусяць сябе чакаць і хутка вернуцца з новай порцыяй пазітыву у нашу сталіцу.
 
Фота by Tarantino.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі