Папа рымскі назваў фэйкавыя навіны грахом
Папа рымскі Францішак заклікаў журналістаў асвятляць навіны спакойна, дакладна і поўна, раскрытыкаваўшы распаўсюджванне недакладнай інфармацыі і імкненне СМІ да сенсацыйнасці.
Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на радыё Ватыкана, пантыфік сказаў пра гэта 16 снежня на сустрэчы з італьянскімі журналістамі.
“Няма патрэбы ўпадаць у “камунікацыйныя грахі”: дэзінфармацыю, аднабаковае асвятленьне падзеі, якое змяшчае прыкметы сенсацыйнасці, або паклёп, выцягванне старых, даўно мінулых рэчаў. Гэта вельмі цяжкія грахі, якія наносяць шкоду сэрцу журналіста і іншым людзям”, — сказаў папа Францішак.
Пантыфік дадаў, што місія журналістаў — дакладнае інфармаванне, прадстаўленне людзям фактаў, максімальна набліжаных да рэальнасьці.
Францішак падкрэсліў, што цяпер, калі пануе імкненне да хуткай падачы інфармацыі і сенсацый, якім не хапае дакладнасці і паўнаты, востра адчуваецца патрэба ў надзейнай інфармацыі, з праверанымі дадзенымі і навінамі, мэта якіх не забаўляць або ўражваць, а стварыць у чытачоў крытычны падыход, які дазволіць ім задаваць правільныя пытанні і рабіць абгрунтаваныя высновы.