Парламенцкія выбары: “адзіны спіс” дэмакратаў знішчыць БНФ?

Лідэр БНФ пагражае выключыць з партыі усіх, хто парушыць партыйную дысцыпліну і пойдзе на парламенцкія выбары самастойна. А палітолаг Аляксандр Фядута называе “адзіны спіс” дэмакратычных кандыдатаў “палітычным калгасам” пенсіянераў Ісці на выбары “адзіным спісам” апазіцыйныя партыі вырашылі яшчэ летам на Дэмакратычным кангрэсе ў Вільні. Дэкларацыю тады падпісалі АГП, БНФ, Партыя камуністаў Беларуская, БСДП (Грамада), “Надзея” ды іншыя. Цяпер, як гаворыць Анатоль Лябедзька, нават тыя, хто дэкларацыю не падпісаў, сёння хочуць далучыцца да “адзінага спісу”. Аднак самыя “смачныя” акругі ўжо амаль падзеленыя.

Анатоль Лябедзька: “Сёння ўжо ўсе хочуць там быць. Да гэтага яны займалі пазіцыю — альбо байкатаваць, альбо пачакаць да вясны. Гэтыя спісы могуць карэктавацца, але не пераглядацца з нуля”.

Апазіцыя гаворыць, што не абавязкова будзе “закрываць” усе 110 выбарчых акруг. Можа, 60-70, а можа, і 90.

Анатоль Лябедзька: “Мы ставім амбіцыйную задачу вырашыць пытанне па ўсіх акругах. Хаця гэта не азначае, што ў акрузе будзе формула 1+1. Адзін кандыдат ад партыі ўлады і адзін ад дэмакратаў. Мы гаворым толькі пра Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы”.

На думку палітыка, “лішні” на акрузе дэмакрат небяспечны тым, што выбіраць тады будуць не выбарцы, а ўлада.

Анатоль Лябедзька: “Калі на акругу будзе 4-5 кандыдатур, улада выбера не самага моцнага, не самага канкурэнтаздольнага, і потым скажа: “Дык альтэрнатыва ж ёсць!” Астатніх па нейкіх нагодах не зарэгіструюць”.

Як дэмакраты будуць паміж сабой размяркоўваць акругі для балатавання, лідэр АГП дакладна не патлумачыў. Сам ён на выбары пойдзе, як і большасць іншых партыйных лідэраў.
Зато наконт ”праймерыз” дэмакратаў Еўрарадыё нечакана распавеў лідэр БНФ Лявон Баршчэўскі, які, дарэчы, сам на выбары не ідзе. Усіх аднапартыйцаў, якія парушаць партыйную дысцыпліну і пойдуць самастойна, будуць…. выключаць з партыі.

Лявон Баршчэўскі: “Такога не павінна быць, і калі сябры нашай партыі парушаць кааліцыйныя дамоўленасці, мы будзем выключаць іх з партыі”.

Лідэр камуністаў Сяргей Калякін ідзе на выбары і верыць, што барацьба за выбарчыя акругі будзе паміж аб’яднанымі дэмакратамі і звычайнымі.

Сяргей Калякін: “Калі там будзе які Іваноў, Пятроў, Сідараў ці Статкевіч, які пакуль не ўдзельнічае як асоба, яму нельга забараніць. Гэта не вельмі будзе добра, але магчыма”.

“Раскольнік” Мікола Статкевіч называет “адзіны спіс” “дурасцю” і прапаноўвае ўсім публічна спаліць пасведчанні кандыдатаў.

Мікола Статкевіч: “Перад тым, як ісці на выбары, трэба падумаць, у якой форме на іх ісці. Хай будзе адзіны спіс. Гэта, безумоўна, дурасць, але якая платформа?”

Паводле Статкевіча, да выбараў трэба рыхтавацца, але адмовіцца ад удзелу, калі ўлады не выканаюць “12 умоў Еўрасаюза”. Аднак байкот — гэта кампанія па рэсурсах значна большая, чым удзел у выбарах. Гэта кантроль за яўкай выбарцаў, каб яна не перавысіла 50 адсоткаў. У нашых умовах папярэдняга галасавання гэта немагчыма. Таму – няўдзел. Проста спаліць пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты”.

Палітолаг Аляксандр Фядута назвае “адзіны спіс” кандыдатаў “палітычным калгасам, дзе дэмакраты знойдуць сваю палітычную магілу”. На думку эксперта, у гэтыя спісы трапяць толькі лідэры партый, партыйныя пенсіянеры.

Аляксандр Фядута: “Гэта будуць лідэры партый, іх намеснікі і кіраўнікі абласных арганізацый. І ўсё. Пра якую ратацыю палітычных кадраў можна казаць? Пра які праход у парламент, калі нават тыя, хто здольны праламіцца праз выбары, ён будзе не здольны праламіцца і патрапіць у адзіны спіс?”

Удзельнічаць у выбарах, на яго думку, неабходна ўсім, хто гэтага захоча. Каб потым зняць сваю кандыдатуру на карысць самага моцнага калегі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі