"Партызан" працягвае набіраць ачкі, на гэты раз нічыя з БАТЭ

У нядзелю прайшлі матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Аўтсайдэр — сталічны "Партызан" — працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі. Яшчэ нядаўна безнадзейная каманда не прайграе ўжо 4 туры. Пасля перамог над "Віцебскам" і "Дняпром", нічыі з мінскім "Дынама", "партызаны" адабралі ачкі ў барысаўскага БАТЭ. Матч на мінскім стадыёне "Трактар" закончыўся ўнічыю 1:1. Віталь Радзівонаў на 6-й хвіліне адкрыў лік, але яшчэ да перапынку гаспадары поля забілі гол у адказ — на 42-й хвіліне бразілец Рафаэл Ледэсма бездакорна рэалізаваў пенальці.

"Мінск", які працягвае пагоню за БАТЭ, з цяжкасцю перамог на сталічным стадыёне "Дынама" бабруйскую "Белшыну" — 3:1. Лік на 69-й хвіліне адкрыў мінчук Яўген Лашанкоў, але на 75-й Мікалай Бранфілаў з пенальці лік зраўнівае. Паўабаронца Андрэй Разін вывеў "Мінск" наперад на 87-й хвіліне, а ўжо ў даданыя хвіліны забіў яшчэ адзін мяч.

Магілёўскае "Дняпро" на сваім полі прайграла салігорскаму "Шахцёру" — 0:2. Галы на рахунку Івана Дзенісевіча (36-я) і Дзмітрыя Камароўскага (57-я).

Наваполацкі "Нафтан" перамог на сваім полі брэсцкае "Дынама" — 3:1. Да перапынку галы забівалі толькі госці. На 18-й хвіліне гол у свае вароты забівае дынамавец Заза Чалідзэ (на 81-й хвіліне матчу ён будзе выдалены з поля пасля другога папярэджання), а на 32-й Віталь Беразоўскі зраўняў лік. У другім тайме трапныя ўдары Філіпа Рудзіка (68-я) і Яўгена Зуева (82-я) прынеслі "Нафтану" перамогу.

Аўтсайдэры — гродзенскі "Нёман" і жодзінскае "Тарпеда" — згулялі ў нулявую нічыю.

"Віцебск" перамог мінскае "Дынама", якое зноў упусціла шанец наблізіцца ў турнірнай табліцы да БАТЭ. Два галы на рахунку расійскага легіянера "Віцебска" Ігара Слесарчука (15-я і 30-я хвіліны), адзін — Рамана Сарокіна (53-я). На 63-й хвіліне Сяргей Кісляк з пенальці зрабіў лік 3:1. Адзначым, што "Віцебск" пасля выдалення Аляксандра Кобеца (на 62-й хвіліне, за другое папярэджанне) гуляў у меншасці.

Турнірная табліца цяпер выглядае так:

БАТЭ — 36 ачкоў
"Мінск" — 33
"Дынама" (Мінск) — 33
"Шахцёр" — 31
"Белшына" — 28
"Дынама" (Брэст) — 23
"Дняпро" — 22
"Віцебск" — 18
"Нафтан" — 17
"Нёман" — 12
"Тарпеда" — 10
"Партызан" — 10

Наступны, 18-ы, тур пройдзе 3-4 ліпеня. БАТЭ згуляе дома з "Віцебскам", "Мінск" — у Салігорску з "Шахцёрам", а мінскае "Дынама" на сваім полі прыме магілёўскае "Дняпро".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі