Партызанскі марш: новае месца і бясконцая хваля людзей
Партызанскі марш у Мінску 18 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё
18 кастрычніка ў Мінску і іншых гарадах Беларусі аб'яўлены Партызанскі марш. Месца правядзення ў сталіцы новае, але адпаведнае — Партызанскі праспект. На дадзены момант відавочцы і журналісты паведамляюць пра бясконцую хвалю людзей, якая ідзе ўздоўж праспекта.
Зразумела, у дварах хаваюцца людзі ў чорным: перыядычна яны вылазяць з засад або з ездзячых туды-сюды бусаў і хапаюць людзей, якія ідуць на марш. Але гэта не асабліва дапамагае — людзі ўсё роўна збіраюцца і працягваюць сваё шэсце па горадзе, імкнучыся злучыцца з асноўнай калонай.
Па паведамленнях слухачоў Еўрарадыё, на вуліцах, прылеглых да Партызанскага праспекта, прыпаркавана шмат спецтэхнікі — аўтазакаў і "Рубяжоў". У раёне Партызанскага праспекта, 80, сілавікі сталі ў ачапленне, чакаючы пратэстуючых. Таксама паведамляецца пра людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў каля Кабушкіна, 86.
У 16:07 стала вядома, што галава шматтысячнай калоны дайшла да кардону сілавікоў. Там заўважаны таксама вадамёты "Цунамі" і "Драпежнік". Паведамляецца пра затрыманні. Закрытыя станцыі метро "Аўтазаводская", "Партызанская", "Трактарны завод", "Пралетарская" і "Першамайская".