ПАСЕ хоча, каб партыі на постсавецкай прасторы мелі роўны доступ да СМІ

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы звярнулася да ўрадаў Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Малдовы, Расіі ды Ўкраіны. ПАСЕ заклікае забяспечыць роўныя ўмовы доступу да СМІ прадстаўнікоў усіх палітычных партый падчас выбараў. Пра гэта, па звестках БелаПАН, гаворыцца ў прынятай асамблеяй рэзалюцыі аб свабодзе сродкаў масавай інфармацыі на еўрапейскім кантыненце.

ПАСЕ таксама выказвае занепакоенасць афіцыйным папярэджаннем, якое Міністэрства юстыцыі Беларусі 13 студзеня накіравала грамадскаму аб'яднанню "Беларуская асацыяцыя журналістаў". На думку ПАСЕ гэта кідае выклік міжнародна прызнанай дзейнасці асацыяцыі па абароне інтарэсаў журналістаў і свабодзе слова. "Асамблея ізноў нагадвае, што свабода СМІ з'яўляецца найважнейшай умовай развіцця дэмакратыі і магчымасцю сяброўства ў Савеце Еўропы. ПАСЕ заклікае беларускія ўлады не злоўжываць адміністрацыйнымі і іншымі нормамі і не абмяжоўваць правы на свабоду слова і свабоду сходаў", — гаворыцца ў дакуменце.

Улічваючы, што Беларусь з'яўляецца асацыятыўным чальцом Венецыянскай камісіі, ПАСЕ просіць Венецыянскую камісію даць выснову, ці з'яўляецца папярэджанне Мінюста парушэннем агульнапрынятых стандартаў у галіне правоў чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі