ПАСЕ вярнула паўнамоцтвы Расіі, дэлегацыі шасці краін пакінулі пасяджэнне
На пасяджэнні 26 чэрвеня ПАСЕ цалкам аднавіла паўнамоцтвы расійскай дэлегацыі. Пасля гэтага дэлегацыі Польшчы, Літвы, Латвіі, Славакіі, Эстоніі ды Грузіі падтрымалі дэмарш Украіны і пакінулі сесію. Як удакладняе Громадське са слоў сябра ўкраінскай дэлегацыі Леаніда Емца, яны адправіліся дадому для кансультацый са сваімі ўрадамі і парламентамі.
Дэлегацыі гэтых краін падпісалі разам з украінскай дэлегацыяй супольную заяву.
"Безумоўнае аднаўленне правоў расійскай дэлегацыі без выканання Расіяй аніводнага са шматлікіх патрабаванняў Асамблеі супярэчыць фундаментальным каштоўнасцям Савета Еўропы і яго статуту. Гэта няправільны сігнал для краіны, якая звяртаецца да ваеннай агрэсіі, атручвання людзей, парушэння правоў грамадзян і не падахвочвае, але спрабуе дэстабілізаваць дэмакратыю ва ўсёй Еўропе", — гаворыцца ў паведамленні.
Дэлегацыі названых краін падкрэсліваюць, што пасля вяртання расійскай дэлегацыі ў ПАСЕ яны "не маюць адказу для сваіх народаў, як Савет Еўропы будзе абараняць свае правы, калі ён больш зацікаўлены ў абароне агрэсара, а не ахвяраў агрэсіі і рэпрэсій".
Дэлегацыі лічаць, што будучыня ПАСЕ знаходзіцца пад пагрозай, бо Савет Еўропы губляе давер людзей.