Пасля адмены “залатая акцыя” працягвае дзейнічаць на 10 прадпрыемствах

Як даведалася Еўрарадыё, дзяржава пакуль не ведае, што рабіць з тымі бедакамі, дзе цяпер дзейнічае “залатая акцыя”. Магчыма, для спынення давядзецца прымаць дадатковыя законы. “Пакуль гэтае пытанне не закрытае”, - гаворыць Еўрарадыё памочнік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Уладзімір Крамар. Як паведамілі ў Дзяржкамітэце па маёмасці Беларусі, у краіне засталося дзесяць такіх прадпрыемстваў:

“Магу сказаць, што існуе 10 выпадкаў дзеючай “залатой акцыі”, з іх шэсць з доляй рэспубліканскай уласнасці і 4 з доляй камунальнай”.

Тое, што “залатая акцыя” працягвае дзейнічаць, Еўрарадыё пацвердзілі на Ваўкавыскім металургічным заводзе. Тут акцыя была ўведзена ў мінулым годзе тэрмінам на 5 год. Каб не ўказ прэзідэнта, яна мусіла б дзейнічаць яшчэ чатыры гады. Цалкам магчыма, што так і будзе, кажа старшыня акцыянернага таварыства “ВалМет”:

“Канешне, дзейнічае, а чаму не? Аб адмене ў мяне няма дакументаў”.

Насамрэч, як даведалася Еўрарадыё, “залатая акцыя” выкарыстоўвалася дзяржавай як сродак ціску на кіраўніцтва. Напрыклад, на фабрыцы “Камунарка” “залатую акцыю” нібыта ўвялі, але так ні разу і не скарысталіся. Першапачаткова яе ўвялі ў 2000 годзе, каб прызначыць патрэбнага кіраўніка:

Камунарка: “У сакавіку 2000 года яна ўводзілася, але нагоды для яе ўжывання ў дзяржавы не было, таму што большасцю галасоў выбралі таго кіраўніка, якога дзяржава і падтрымлівала. 80% акцыянераў падтрымалі гэтую кандыдатуру. Яна з таго часу не ўжывалася. Пяць год прайшлі, і больш яе не падаўжалі. Тры апошнія гады мы жывем без гэтай акцыі. Яна ўвогуле не выкарыстоўвалася ў нас ні разу”.

Яшчэ пяць год пасля ўвядзення “залатая акцыя” праіснавала на “Камунарцы”. На ўсялякі выпадак. Аб гэтым гавораць на самой фабрыцы:

“Яе ўвялі на ўсякі выпадак. Думалі, а раптам спатрэбіцца. Таму што тут была спроба захопу з боку тайных інвестараў, скупшчыкаў… Хтосьці спрабаваў тут захапіць уладу. Таму ўвялі акцыю, але акцыянеры прагаласавалі так як трэба і без яе ўжывання.

Таму, ёй не карысталіся. І наступныя пяць год нагоды каб яе выкарыстаць не было. У 2005 годзе тэрмін яе дзеяння закончыўся і больш яго не падаўжалі. Яна скончылася, і ўсё на гэтым скончылася”.

“Залатая акцыя” павінна дапамагчы аздаравіць эканоміку прадпрыемства – так тлумачылі яе ўвядзенне на такіх прадпрыемствах, як “Алеся”, “Камволь”, “Мотавелазавод”.
Аднак, як даведалася Еўрарадыё, на фабрыцы “Алеся” яе так і не ўвялі:

Алеся: “Планавалася ўвесці залатую акцыю на нашым прадпрыемстве, а пасля знялі гэтае пытанне. У нас проста дзяржпадтрымка пад указам прэзідэнта. Яна ў нас не ўводзілася”.

Камвольнаму камбінату “залатая акцыя” не надта дапамагла. Па сённяшні дзень ён застаецца адным з самых праблемных прадпрыемстваў краіны. Дарэчы, “залатая акцыя” на гэтым прадпрыемстве дзейнічае і зараз.

Эксперты упэўненыя, што акцыя “не несла ў сабе ніякай нагрузкі”, а вось для інвестараў выконвала ролю “пудзіла”:

Эканаміст Аляксандр Чубрык: "За гэты час, час існавання “залатой акцыі” хтосьці з-за яе ў Беларусь не прыйшоў і не стварыў тут нейкі бізнэс, не зрабіў дзейны бізнэс эфектыўным. Вось вам адмоўны эфект ад існавання акцыі”.

Цікава, што калі паглядзець на спіс бедакоў, дзе зараз уведзена “залатая акцыя”, гэта будуць даволі дробныя прадпрыемствы, напрыклад Упраўленне механізацыі 79”, “Сенненскі завод сухога абястлушчанага малака”, “Абутакгандаль”…. Якіх інвестараў напужала залатая акцыя, якая дапамагла Сенненскаму заводу сухога абястлушчанага малака, падлічыць немагчыма.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

“Залатая акцыя” цяпер уведзена на 10 прадпрыемствах:

- Абутакгандаль
- Упраўленне механізацыі 79
- ВалМет
- Аўтамабільная транспартная экспедыцыйная кампанія
- Камволь
- Віцебсклес
- Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод
- Талачынскі масларобны сыраробны завод
- Бабруйскі рамонтна–механічны завод
- Сенненскі завод сухога абястлушчанага малака

Фота: telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі