Пасля з'езда "Маладога фронта" затрыманы актывіст з Магілёва

Удзел у 7-ым устаноўчым з'ездзе грамадскага аб'яднання "Малады фронт", які праходзіў у Мінску 30 траўня, скончыўся для актывіста Ўладзіміра Зоркі з Магілёва затрыманнем, вечарам ў пастарунку і размовай з супрацоўнікам спецслужбаў. Супрацоўнікі АМАПа затрымалі хлопца на Кастрычніцкай плошчы. Разам з сябрамі Зорка бавіў вольны час у цэнтры Мінска ў чаканні цягніка да Магілёва. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар МФ Станіслаў Стэсік:

Станіслаў Стэсік: “Ён быў затрыманы каля 9 вечара і адвезены ў Цэнтральны РУЎС. Яму сказалі, што яго затрымалі за хуліганства, але за якое менавіта — не растлумачылі”.

Міліцыянеры знялі маладафронтаўца на відэа, зрабілі яго фотаздымкі і ўзялі адбіткі пальцаў. Да таго ж, цікаўнасць да магілёўскага актывіста праявіў невядомы чалавек у цывільным.

Станіслаў Стэсік: “Прыехаў нейкі чалавек і распытваў вельмі моцна пра тое, хто яго ўцягнуў у МФ, прозвішчы тых, хто быў на з’ездзе, якія там былі дэлегаты і чым займаецца магілёўская суполка”.

З’езд “МФ” праходзіў ва Ўправе Партыі БНФ. Па словах Стэсіка, пакуль цягнуўся з’езд побач з сядзібай дзяжурылі некалькі мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. І не выключана, кажа, што за некаторымі актывістамі пасля з’езда сачылі. А Ўладзіміра Зорку затрымалі мэтанакіравана.

Станіслаў Стэсік: “Гэты чалавек у “Маладым Фронце” не так даўно. Не два года, не год. Ён не прайшоў яшчэ, як мы кажам, курс рэпрэсій, які звычайна праходзяць актывісты. Напэўна, быў загад затрымаць менавіта яго, каб ён, можа, расказаў усё падчас апытання ў Цэнтральным РУЎС. Бо быў затрыманы не лідэр суполкі, ні нехта іншы, а менавіта ён”.

У выніку затрымання Ўладзіміра Зоркі ўся дэлегацыя маладафронтаўцаў не патрапіла на цягнік і з Мінску яны здолелі з’ехаць толькі а 7 раніцы ў панядзелак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі