Пасол у Літве гаварыў у Вільні пра бяспеку Беларускай АЭС
Пасол нашай краіны ў Літве Аляксандр Кароль гаварыў у Вільні пра бяспеку Беларускай АЭС. У аўторак ён правёў сустрэчу са спікерам літоўскага парламента Віктарасам Пранцкецісам і з журналістамі. Паводле слоў Караля, у Беларусі не сумняюцца ў бяспецы АЭС, якая будуецца ў Астравецкім раёне. "Беларусы не з'яўляюцца ворагамі самім сабе, каб будаваць небяспечную АЭС", — адзначыў дыпламат. Ён падкрэсліў, што давярае расіянам, якія займаюцца будаўніцтвам, паколькі Расія — лідар па атамным будаўніцтве.
"Стрэс-тэсты ўжо зроблены, — цытуе словы Аляксандра Караля РІА "Новости". — Выкананы, у адпаведнасці з еўрапейскім патрабаваннем. Дзяржатамнагляд рыхтуе неабходную дакументацыю, якая будзе гатовая да красавіка, пасля будзе афіцыйна перададзена на ацэнку Еўракамісіі".
Кароль нагадаў, што 16-20 студзеня Беларусь наведае Місія МАГАТЭ, якая дасць ацэнкі падрыхтоўкі пляцоўкі АЭС.
Таксама беларускі пасол гаварыў, што не бачыць праблемаў з продажам электрычнасці, якая будзе выраблена Беларускай АЭС. "Атамная станцыя будуецца на аснове скарачэння выкарыстання газу", — адзначыў Кароль.