Пастара царквы "Новае жыццё" могуць пасадзіць за краты на 5 гадоў

Пастару мінскай пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" Вячаславу Ганчарэнку пагражае турэмнае зняволенне за псаванне земляў. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў юрыст абшчыны Сяргей Луканін. Па яго словах, 6 траўня да будынка царквы прыбылі больш за 10 чыноўнікаў на чале са старшынём Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Баравіковым. Раней дзяржаўныя эколагі выставілі царкве пазоў амаль на 100 тысяч долараў - нібы за забруджванне тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі. Стварэнне траўніка для дзіцячай пляцоўкі каля будынка царквы чыноўнікі расцанілі як псаванне верхняга ўрадлівага пласта зямлі.

Акрамя таго, царкву абвінавацілі ва ўтварэнні аўтамабільнай стаянкі і пад'язной дарогі. Па словах Луканіна, чыноўнікі ніяк не рэагавалі на довады аб тым, што аўтастаянка і дарога існавалі на гэтым месцы задоўга да набыцця абшчынай будынка.

Каб даказаць сваю аб'ектыўнасць, чыноўнікі паведамілі, што яны маюць прэтэнзіі не толькі да царквы. Як прыклад назвалі Мінскі маторны завод, да якога за псаванне земляў выстаўлены пазоў на суму 15 млн рублёў. Аднак ніяк не растлумачылі, якім чынам царква магла нанесці прыродзе шкоду амаль у 17 раз большую, чым завод.

У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам за псаванне земляў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры, пастара Ганчарэнку могуць пазбавіць волі на тэрмін да пяці гадоў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі