Павал Севярынец: “Шлях краіны у Еўропу будзе падобным да ўчорашняй акцыі”

Мілінкевіч гаворыць, што ў суботу нічога не казаў пра правакатараў з Маладога фронту, і называе непаразуменні паміж апазіцыяй на маршы дэмакратыяй ў дэмакратыі У панядзелак лідэры апазіцыі спрабавалі зрабіць тое што не атрымалася падчас Еўрапейскага маршу. Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч гаварыў, што акцыя даказала здольнасць апазіцыі працаваць разам.

А экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч больш не бачыў у маладофронтаўцах правакатараў. Нагадаем, расійская газета “КоммерсантЪ” працытавала Мілінкевіча, які нібыта назваў маладофронтаўwfo, якія перашкаджалі руху на праспекце, правакатарамі ды раіў міліцыянтам ставіцца да іх як да правакатараў.

У размове з Еўрарадыё Мілінкевіч гаворыць, што слова "правакатары" ён не казаў:

--
Не, гэта не правакатары, гэта тыя, хто не падпарадкаваўся агульнаму рашэнню. Лепш, канешне, калі ўсе дзейнічаюць па аднолькавым сцэнары. Але гэта дэмакратыя ў дэмакратыі. І таму, на жаль, былі розныя думкі наконт сцэнару. Не можна пастроіць усіх, як салдатаў, бо гэта не салдаты. Можна толькі размаўляць і мець пэўныя дамовы.

Напярэдадні Еўрапейскага маршу ніхто і не спрабаваў дамовіцца з моладдзю. Пра гэта сказаў Павел Севярынец, экс-лідэр маладога Фронту, які зараз лічыць, што шлях краіны у Еўропу будзе падобным да ўчорашняй акцыі:

У мяне такое ўражанне, што наш шлях у Еўропу будзе менавіта вось такім: мала хто будзе разумець, але свой шлях у Еўропу мы абавязкова пройдзем. Так яно неяк у Беларусі атрымліваецца, крыху сюрэалістычна.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч ацэньвае марш да Еўропы як акцыю без ідэі. Адсюль праблемы:

Прахадная, якая ад пачатку не мела падставаў, каб ператварыцца ў нейкую палітычную падзею. Была пэўная накачка на тое, што гэта важная падзея. Але гэта была акцыя для моладзі, каб яна магла сябе выявіць. Гэты марш, які штучна прыдуманы калісьці апазіцыяй, і ніхто не разумеў, навошта ён патрэбны. Ну, канешне, трэба нешта рабіць, таму і робім тое, што ўмеем, - вось па вуліцы ходзім, туды ходзім, сюды.

Аляксандр Мілінкевіч
перакананы, што будучыя акцыі павінныя быць мірнымі, але больш цікавымі:

— Я за мірныя акцыі, таму што гэта прываблівае новых людзей. Калі паводзіць сябе радыкальна, мы звузімся да кола радыкалаў. Але сцэнары будучых акцыяў павінны быць больш цікавыя, больш тэатральныя. Нельга хадзіць заўсёды аднолькава і слухаць прамовы адных і тых жа людзей. Таму са сцэнарамі трэба працаваць. Трэба да іх распрацоўкі прыцягваць людзей творчых, трэба далучаць піяршчыкаў, якія не займаюцца палітыкай, а проста прафесіяналы ў рэкламных галінах, спецыялістаў па тэатральных мерапрыемствах. Вось гэтага нам не стае.

Павал Севярынец
настойвае на тым, што моладзь чакае ад лідэраў апазіцыі нейкай дынамікі:

- Трэба ўлічыць, што ўсё гэта павінна праходзіць хутчэй. Моладзь не хоча чакаць, яна стомленая псіхалагічна. Гэта трэба, каб не абвінавачваць адзін аднаго ў правакацыях, не крычаць адзін аднаму нейкія крыўдныя лозунгі. Старэйшым трэба ў сілу ўзросту весці перамовы з моладдзю. Калі ўсё будзе, як і раней, то падзел, які быў і ў 90-х, і быў заўважны на плошчы, захаваецца. Гэта вельмі небяспечна.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч перакананы, што вулічныя акцыі трэба аддаць моладзі. Сур’ёзная апазіцыя, на яго думку, павінная думаць пра стратэгічнае становішча:

-
Апазіцыя альбо пачынае разбірацца паміж сабой не ў тым, хто там галоўны на нейкіх акцыях, каму іх праводзіць або не праводзіць і як падзяліць месцы, а што ўвогуле рабіць, што адбылося ў краіне. Краіна прайшла зацяжны этап кубінізацыі. Рэжым усталяваўся ўсур’ёз, у яго няма сур’ёзных ворагаў унутры краіны. Апазіцыі трэба зразумець, што яна ў гэтым становішчы. Апазіцыя павінна змяніцца з вулічнай. Гэтым моладзь можа займацца, сур’ёзная апазіцыя ўжо не”.

У нядзелю апазіцыя была відавочна здзіўленая тым, як мірна паводзілі сабе ўлады. Аднак Аляксандр Мілінкевіч не лічыць, што улада выйграла гэтую гульню — нічыя:

-
Не думаю, што гэта было спаборніцтва, проста ўлада паводзіла сябе дастаткова разумна. І мы стараліся не быць агрэсіўнымі. І гэта пайшло на карысць. Мы зрабілі сваю акцыю, так як хацелі. А ўлада мае шанец на правядзенне перамоў з Еўропай.

У панядзелак вынікі акцыі на прэс-канферэнцыі падводзілі нават без Аляксандра Мілінкевіча, а моладзь прыйшла туды, каб падарыць дарослым палітыкам вядзеркі і шуфлікі, каб прыбіраць сабачыя экскрэменты на пляцоўцы для выгулу сабак – плошчы Бангалор. Экшн адбыўся не там, дзе яго чакалі.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі