Павел Глоба: Для пераменаў у Беларусі не час

Якім будзе наступны год для Беларусі? Што адбудзецца ў эканамічнай і палітычнай сферы? Як будзе развівацца музычная індустрыя? Што прарочаць нам зоркі? З такімі пытаннямі Еўрарадыё звярнулася да вядомых астролагаў, эканамістаў, палітолагаў і музыкаў.
Прадказальнік Павел Глоба кажа, што год будзе дастаткова спакойным і без сюрпрызаў:

“Усе гады Пацука заўсёды адрозніваліся дзівоснай стабільнасцю, абяцаннем новых надзеяў і заўсёды перамогай кансерватыўнага стылю. Пацук – гэта жывёла норная і з вельмі развітым калектыўным інстынктам. Відаць, таму самотнікам у наступным годзе будзе цяжка, а каманда аднадумцаў будзе заўсёды перамагаць. Гэта спрыяе прасоўванню гнуткіх людзей, з дыпламатычнымі якасцямі і самае галоўнае – якія ўмеюць своечасова мяняцца”.

Як будзе развівацца нашая эканоміка, гаворыць эканаміст Аляксандр Чубрык:

“Магчымыя крокі, якія маглі б быць зробленыя, гэта змяненне заканадаўства ў галіне прыватызацыі і спрашчэнне працэдураў, звязаных з дзейнасцю малога бізнэсу. Пра нейкія больш фундаментальныя рэчы я не кажу. Магчыма, на нешта такое ўлады ўсё ж такі будуць ісці. Ну а ў лічбах… Некаторае запавольванне росту ВУП, больш павольны рост даходаў насельніцтва, таму што да выбараў усё яшчэ далёка”.

Такія эканамічныя змены адчуюць на сабе і простыя беларусы. Таму жыццё іх будзе няпростым:

Аляксандр Чубрык: “Для насельніцтва год будз,е відавочна, цяжкі. Таму што будуць падвышаныя цэны на камунальныя паслугі, ужо адмененыя льготы, інфляцыя будзе крышачку вышэйшая. Ну, але ж неяк перажывем”.

У адрозненні ад эканаміста Чубрыка астролаг Глоба прарочыць беларусам добрае жыццё – з эканамічным ростам і захаваннем дзеючай улады:

Павел Глоба: “Для Беларусі характэрна ўмацаванне вертыкалі ўлады, узмацненне сувязяў з іншымі краінамі, асабліва з Расіяй. Эканамічны пад’ём павінен назірацца, хаця і не рэзкі. Уласна кажучы, для пераменаў у Беларусі не час, відавочна”.

Музыка Лявон Вольскі таксама з надзеяй глядзіць на 2008 год:

“Мне б хацелася, каб гэты стан застою ў беларускай музыцы (гэта не тычыць творчасці, а тычыць, напрыклад, немагчымасці граць канцэрты і гэтак далей, ездзіць па Беларусі), каб гэта ўсё змянілася кардынальна, каб усе музыкі ў роўных умовах ездзілі, гралі. І была б нармальная канкурэнцыя ў Беларусі. І кожны слухач знайшоў бы сабе сваю беларускую зорку музычную. Так і будзе. Па-іншаму быць не можа”.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч абазначыў некалькі галоўных пытанняў для Беларусі, якія мусяць быць вырашанымі ў наступным годзе:

“Думаю, што ў наступным годзе павінны быць вырашаныя наступныя пытанні: па-першае, гэта ўступленне ў Раду Еўропы і выкананне 12-ці ўмоваў, якія высунутыя для Беларусі. Наступнае пытанне – гэта адносіны з Расіяй. Калі гэтае пытанне не будзе вырашана і ў наступным годзе, то сітуацыя значна зацягнецца. Гэта не будзе спрыяць ні развіццю, ні ўвогуле парадку і стабільнасці ў краіне. Гэтыя пытанні будуць давацца вельмі цяжка, таму што сённяшні рэжым вельмі складаны”.

Хочацца верыць, што Новы год для кожнага з нас будзе такім, якім мы зробім яго самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі