Павел Севярынец пакінуў на “хіміі” свайго ката Партызана

Палітык вяртаецца дадому і ўпэўнены, што ўлады жадаюць абмяняць вызваленне яго і Мікалая Статкевіча, на гандлёвыя прэферэнцыі ад Еўропы. Кошт двух месяцаў волі для Статкевіча і Севярынца ўлады ацанілі у амаль 400 мільёнаў долараў. Столькі грошай губляе нашая краіна ад адмены прэференцыяў, калі ня выканае еўрапейскія ўмовы. З двух гадоў абмежавання волі яму засталося няволіцца два месяцы. Павел адбываў пакаранне за арганізацыю пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму аб магчымасці трэцяга прэзідэнцкага тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі з 2005 года на поўначы Віцебшчыны ў вёсцы Малое Сітна. Дома Паўла ўжо чакае маці з бацькам. Маці Таццяна Севярынец кажа, што напякла пірагоў:

“Ужо ўсё падрыхтавала. Напякла пірагоў, як заўсёды, калі ён прыязджае. Сёння і госці прыйдуць павіншаваць яго з вызваленнем. Бацька ездзіў яго сустракаць, ну а Паша ўжо застаўся там, у Полацку. Тата таксама хацеў застацца, але Паша сказаў: не, мама адна не пацягае рэчы, бо шмат за два гады набралося, адных кніг колькі. Сказаў, што будзе бацька ўсім усміхацца, рукі ціснуць, кланяцца, дык кажа: едзь, сам спраўлюся”.

Самога Паўла Еўрарадыё застала ў дарозе дадому. Па словах вызваленага, такія дзеянні ўлады для яго не былі нечаканымі:

“Калі шчыра – чакаў. Справа ў тым, што бліжэйшым часам будуць разглядацца ў Еўразвязе пытанні па прэферэнцыях. Адмена прэферэнцый для Беларусі. І рэжым відавочна быў зацікаўлены ў тым, каб ісці на саступкі Захаду. Гэта сур’ёзныя грошы і сур’ёзныя пытанні для рэжыму. Каб не вызваляць за пакаянне і выпраўленне шляхам прызнання сваёй віны, паколькі такая фармулёўка ў іх не прайшла і два месяцы таму я адмовіўся размаўляць на гэтую тэму, то знайшлася фармулёвачка для загаду з Мінску: за добрыя паводзіны”.

Дарэчы, як жартуе маці Паўла, сын заўсёды вызначаўся добрымі паводзінамі:

“Мы зараз усе рагочам! Самы ўзорны “хімік”. За добрыя паводзіны. Як заўсёды, выдатнік. У школе выдатнік, у інстытуце, і тут выдатнік таксама”.

Па словах маці, развітацца з Паўлам выйшла ўся вёска:

“Вельмі цяжка было, калі Паша з’язджаў з выходных, сэрца рвалося на шматочкі. Таму што адпраўляць яго кожны раз, ведаючы, што там можа быць і праца небяспечная цяжкая, і глухія лясы, калі ваўкі ў вёску нават заходзяць. Але да Пашы там вельмі добра ставіліся. Учора нават было развітанне. Сёння ўсе выйшлі на эстакаду і памахалі ўслед машыне, калі яны ехалі”.

У Малым Сітне Севярынец пакінуў паўдзікага ката Партызана, якога прыручыў. Распавядае Таццяна Севярынец:

“На жаль, Партызана давялося там пакінуць, бо ён такі паўдзікі кот у яго. Але ён прыйшоў сёння да Паўла развітацца, прыгажун такі. Паша ўжо і хацеў забраць яго, але мы ўжо з бацькам кажам: дзе ж і хто з ім гуляць будзе, ён ужо звыкся да вуліцы, як жа ж яго цяпер дарослага ў хаце пакінеш? Паша перадаў яго, як эстафету. Там ёсць добрая майстарка Віка, яны вельмі сябравалі, дык яна ўжо будзе яго даглядаць, бо ўвесь час даглядала, калі Паша з’язджаў”.

Двухгадовая “ссылка” не стане перашкодай у палітычнай дзейнасці Севярынца. Як прызнаўся нам Павел, усё толькі пачынаецца:

“Безумоўна, і палітычную дзейнасць, і творчую, удзел у стварэнні руху “За свабоду”, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, падтрымку Маладому Фронту. А мэта стаіць – аб’ехаць па Беларусі ўсе тыя гарады, адкуль мне пісалі, адкуль тэлефанавалі і падтрымлівалі, прыязджалі. Ну і апроч гэтага, раман зараз пішу”.

Падчас нашай размовы з Севярынцам стала вядома, што вызвалены і другі палітычны “хімік” – Мікалай Статкевіч. Відавочна, улады спрабуюць пераканаць Еўропу ў тым, што крочаць насустрач самым прынцыповым патрабаванням. Кошт двух месяцаў волі для
Статкевіча і Севярынца ўлады ацанілі ў амаль 400 мільёнаў долараў. Столькі грошай губляе нашая краіна ад адмены прэференцыяў, калі не выканае ўмовы Еўропы.

Але ж відавочна і тое, што гэта вельмі хітрае вызваленне. Свой тэрмін зняволення абодва палітыкі амаль адседзелі. Тым часам, былы кандыдыт у прэзідэнты Аляксандр Казулін застаецца за кратамі. Гэта гаворыць пра ўлады больш дакладна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі