Пазбаўленая акрэдытацыі газета “Прессбол” не выключае, што звернецца ў суд
Беларуская спартовая газета “Прессбол", пазбаўленая акрэдытацыі на алімпіяду ў Пекіне рашэннем выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК), дапускае, што звернецца ў суд. 28 сакавіка на сайце газеты галоўны рэдактар Уладзімір Беражкоў звярнуўся да генеральнага дырэктара НАК Яраслава Барычкі і нагадаў пра неабходнасьць выканання дамовы аб супрацоўніцтве ад 22 студзеня 2007 г. У адпаведнасці з дакументам, НАК абавязаўся акрэдытоўваць супрацоўнікаў рэдакцыі на афіцыйныя спаборы, патранаваныя МАК альбо НАК з удзелам беларускіх спартоўцаў. “Менавіта такім спаборам і з’яўляецца Алімпіяда, на якую “Прессбол” мае квоту на 1 рэпарцёра і аднаго фотарэпарцёра”. Беражкоў паказвае, што “Прессбол” выканаў узятыя на сябе абавязальніцтвы і за 2007 г. бясплатна размясціў у газеце рэкламу НАК амаль на 13 млн. рублёў.
Аднак НАК пазбавіў “Прессбол” акрэдытацыі за шэраг крытычных артыкулаў у свой адрас.
www.belapan.by