Пажар ля Чарнобыля: Узровень радыяцыі ў Беларусі пакуль не змяніўся
Але пры пажарах ёсць небяспека пераносу радыенуклідаў.
Пажар каля чарнобыльскай АЭС спынілі ў 5 кіламетрах ад магільніка радыеадкідаў. Вецер у Беларусі пакуль дзьме з поўдня, то бок з Украіны. Але радыяцыйны фон не змяніўся. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Палескім радыяцыйна-экалагічным заказніку.
Супрацоўнік заказніка: "Радыяцыйная абстаноўка не змянілася, па ўсіх пляцоўках усё ў межах нормы, як месяц назад так і зараз. Але мы адсочваем. Пры пажарах перанос радыенуклідаў дапушчальны. Але гэта ад ружы вятроў залежыць".
Метэаролагі ж кажуць аб паўднёвым ветры ў Беларусі, але да вечара ён зменіцца на паўночна-заходні. Пра гэта Еўрарадыё распавяла галоўны сіноптык службы гідраметэаралагічных прагнозаў Святлана Рыбакова.
Святлана Рыбакова: "Вецер паўднёвы і слабы, але да вечара сітуацыя палепшыцца. Вецер зменіцца на паўночны, паўночна-заходні ўжо да вечара, пройдуць дажджы".
Вялікі лясны пажар у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны ўдалося спыніць усяго ў 20 кіламетрах ад ЧАЭС. Як паведаміў у сваім Фэйсбуку міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў, удалося лакалізаваць сітуацыю вакол асноўных ачагоў узгарання.
Фота: mvs.gov.ua