Пенсіянерку, якая “замінавала” гомельскі “Водаканал”, наўрад ці пакараюць

Гомельскую пенсіянерку, якая пажадала мясцоваму “Водаканалу” ўзарвацца, не стануць прыцягваць да адказнасці. Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомелі паведамляюць, што ні матэрыялаў праверкі, ні матэрыялаў крымінальнай справы наконт гэтага інцыдэнту ў іх няма.

Нагадаем, што ў чацвер 18-га чэрвеня пажылая жанчына патэлефанавала  камунальнікам з прэтэнзіямі. Гутарка скончылася тым, што раз’юшаная грамадзянка скала дыспетчару “Водаканалу”: “Каб вы ўзарваліся!”.

Эфект праклёну быў вокамгненны: да камунальнікаў рынулася брыгада размініравання, вуліца Малайчука была перакрыта. Але ніякай міны ў памяшканнях не знайшлі.

Міліцыя пачала разбірацца, ці здзейсніла пенсіянерка правапарушэнне. Бо далёка не кожны беларускі народны праклён азначае, што да яго варта  ставіцца сур’ёзна. Напрыклад, калі жонка кажа мужу “каб ты здох”, гэта далёка не заўсёды гэта азначае, што яна мае намер забіваць ці ўсур’ёз пра такое думае.  

“Пакуль да крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасці нікога не прыцягвалі. Папярэдне, хутчэй за ўсё, будзе адказны матэрыял. На сёння ўжо выяўлена, што ў яе не было прамога намеру аб загадзя ілжывым паведамленні. Яе “пажаданні” былі выказаны ў парыве эмоцый. Але на сённяшні момант пытанне застаецца адкрытым, канчатковага рашэння пакуль няма”, — паведамляе Еўрарадыё Андрэй Мазэпін, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Дарэчы, калі б на пенсіянерку распачалі крымінальную справу па артыкуле “Загадзя лжывы данос”, ёй бы пагражала пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі.

Фота: gp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі