Перадвыбарныя праграмы кандыдатаў надрукуюць у газетах 4 жніўня
Перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты будуць надрукаваныя ў дзяржаўных газетах 4 жніўня — у першы дзень датэрміновага галасавання. Пра гэта журналістам партала TUT.by распавялі ў рэдакцыі газеты "Звязда".
Згодна з беларускім заканадаўствам, кандыдаты ў прэзідэнты маюць права бясплатна апублікаваць свае перадвыбарчыя праграмы ў дзяржаўных газетах. Якіх менавіта — вызначае ЦВК. Звычайна праграмы па-руску друкуюцца ў "Рэспубліцы", а па-беларуску — у "Звяздзе".
У інтэрнэце цалкам або часткова свае праграмы ўжо выклалі чатыры з пяці кандыдатаў у прэзідэнты — за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі.
Дарэчы, некалькі дзён таму кандыдатка ў прэзідэнты Ганна Канапацкая апісала ў Фэйсбуку сітуацыю з публікацыяй у дзяржСМІ: "Учора не вытрымалі — затэлефанавалі ў рэдакцыю адной з газет, каб даведацца, калі выйдзе нумар з перадвыбарнай праграмай. Там адказалі, што паводле закона могуць публікаваць праграмы кандыдатаў да 8 жніўня".
Між тым, даць свае праграмы для публікацыі ў дзяржаўных СМІ кандыдаты мусілі не пазней за 19 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.