Перамовы паміж Украінай і Расіяй пройдуць на беларуска-украінскай мяжы
27 лютага адбылася тэлефонная размова паміж Уладзімірам Зяленскім і Аляксандрам Лукашэнкам. Вось што піша офіс прэзідэнта Украіны:
1. Размова адбылася па ініцыятыве Лукашэнкі. А не "Зеленский набрал Лукашенко", як раней пісалі беларускія прапагандысты.
2. Перамовы паміж Украінай і Расіяй пройдуць на ўкраінска-беларускай мяжы ў раёне ракі Прыпяць без папярэдніх умоў. То бок, расіяне вылучаць свае ўмовы, а ўкраінцы — свае.
3. "Аляксандр Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасць за тое, што на час праезду, перамоў і вяртання ўкраінскай дэлегацыі ўсе самалёты, верталёты і ракеты, размешчаныя на беларускай тэрыторыі, застануцца на зямлі".
Раней Зяленскі заявіў, што пляцоўкай для перамоваў паміж Украінай і Расіяй можа стаць любая краіна, "з тэрыторыі якой не ляцяць ракеты".
Паводле выдання "Зеркало неделі", ад Кіева ў перамовах возьме ўдзел намеснік міністра замежных спраў Мікалай Тачыцкі. Ад Масквы дэлегацыю ўзначальвае памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі. З ім на сустрэчу прыедуць намеснікі міністраў абароны і замежных справаў, амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў і кіраўнік міжнароднага камітэту Дзярждумы Леанід Слуцкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.