Першы тавар, які можна будзе аплаціць праз інтэрнэт, – квіткі “Белавія”

Першым прадуктам, які можна будзе аплаціць праз інтэрнэт з дапамогай банкаўскай карткі, стане квіток на самалёт. Але здарыцца гэта не ў сезон адпачынку, а толькі ў другім квартале году. Пакуль у Беларусі па сутнасці няма інтэрнэт-продажаў, а хутчэй інтэрнэт-браніраванне. Вы заказваеце прадукт па інтэрнэце, пакупку вам прывозіць кур’ер, з якім вы і разлічваецеся наяўнымі грашыма.
Аднак па словах намесніка гендырэктара кампаніі “Белавія” Ігара Чаргінца, упершыню ў Беларусі менавіта іх авіякампанія сумесна з "Беларусбанкам" пачнуць продаж праз інтэрнэт электронных квіткоў з дапамогай крэдытных картак.

Ігар Чаргінец:
“Гэта якраз у першыню ў Беларусі будзе зроблена намі сумесна з "Беларусбанкам". Пасля гэтага, я спадзяюся, інтэрнэт-гандаль пойдзе ў Беларусі. Ну, мы будзем першымі. Я думаю, што напрацягу ну максімум месяца мы запускаем свой новы сайт з магчымасцю набыць квіток у рэжыме рэальнага часу па банкаўскай картцы”.

Між іншым, паслугу электронных білетаў “Белавія” прапануе ўжо два гады. Але электроннымі яны называюцца ўмоўна. Каб набыць квіток вам усё роўна трэба наведаць офіс “Белавія”. Вінаватае ў такім недахопе беларускае заканадаўства, якое не дазваляе аплочваць паслугі праз інтэрнэт з дапамогай банкаўскай карткі, лічыць кіраўнік праекта e-belarus.org Міхаіл Дарашкевіч:

“Да жалю, у нас не ўрэгуляванае пытанне плацёжных картак праз інтэрнэт. Гэта, напэўна, стварае праблемы для развіцца продажу білетаў. Пакуль што банкі не могуць выконваць працэсінг крэдытных картак. Для гэтага павінны быць унесеныя змены ў заканадаўства пра электронны подпіс, пра электронны дакумент, ну і ўсё, што тычыцца гэтай дзейнасці”.

У той жа час намеснік дырэктара "Беларусбанка" Генадзь Серы запэўніў Еўрарадыё, што ўжо да канца года ўладальнікі рахункаў гэтага банку змогуць расплочвацца за квіткі “Белавія” наўпрост у інтэрнэце. А пасля паслуга стане даступнай і кліентам іншых банкаў. І нават калі заканадаўства не да канца ўрэгуляванае, то гэта не надоўга, лічыць Генадзь Серы. Асноўная праблема тут – узаемадзеянне прыцягнутых бакоў і бяспека аплаты праз інтэрнэт.

Генадзь Серы: “Гэты від аказання паслуг, можа, не так дасканальна дэталізаваны. Калі такое і ёсць, то ў бліжэйшы час будзе ліквідавана. У кожным разе гэта дагаворныя адносіны нашыя і “Белавія”. Юрыдычны аспект гэтых адносінаў правяраюць юрыдычныя службы абодвух бакоў. То бок, з пункту гледжання законнасці, гэта ўсё будзе выверана на 100%”.

Наступным новаўвядзеннем на “Белавія”, па словах Ігара Чаргінца, будзе аплата квіткоў з дапамогай вэб-мані. Але сістэма інтэрнэт-грошай, лічыць Міхаіл Дарашкевіч, вельмі складаная для многіх простых беларусаў. Да таго ж, далёка не ўсе банкі працуюць з гэтым відам грошай.

Міхаіл Дарашкевіч: “У Беларусі было шмат непрыемных выпадкаў: крымінальныя пераследы за незаконную дзейнасць пунктаў па абмену вэб-мані на грошы. Па-мойму, "Тэхнабанк" узаконіў гэтую магчымасць. І нават я бачыў на поштах наклейкі вэб-мані. Значыць, хтосьці імі карыстаецца. Але гэта трэба быць дастаткова прасунутым чалавекам у Інтэрнэце, каб разумець, як імі карыстацца”.

Але пакуль усё адно ўсім карыстальніка электронных квіткоў трэба наведаць офіс “Белавія” для таго, каб на кантролі ў аэрапорце паказаць толькі свой пашпарт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі