Першы ў Беларусі спартанскі забег прайшоў у Гродне (фота)
У Гродне 25 кастрычніка бягун з Мінска за 19 хвілін пераадолеў 15 экстрэмальных перашкод.
Такім стаў вынік пераможцы першай гонкі Mad Race — беларускага аналага сусветна вядомага забегу Spartan Race.
Для гонкі была падрыхтавана спецыяльная 4,5-кіламетровая траса з платамі, цюкамі саломы, вадой і калючым дротам. Ведаючы пра такія няпростыя выпрабаванні, заяўкі падалі 150 чалавек, распавёў арганізатар забегу Зураб Качыяшвілі. Аднак многіх спалохала халоднае надвор'е — на трасу выйшлі толькі 76 удзельнікаў. Сярод смельчакоў апынулася і каля 20 дзяўчат.
Выйграў гонку 28-гадовы бягун з Мінска Раман Матусевіч. Хлопец з дзяцінства займаецца бегам, аднак у экстрым-забегу прыняў удзел упершыню. На яго думку, у гонцы складаней за ўсё было пераключацца з перашкод на бег і наадварот.
Нягледзячы на складаныя выпрабаванні, да фінішу дайшлі усе ўдзельнікі. Яны атрымалі медалі, а пераможца яшчэ і тры мільёны рублёў. Наступную гонку арганізатары плануюць правесці у Мінску вясной.