П'етра Паралін: Беларускія каталікі заслугоўваюць прыезду Папы Рымскага

У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт дзяржсакратара Папы Рымскага Францішка, кардынала П'етра Параліна. Ён сустрэўся з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама шэрагам чыноўнікаў. Гэта другі падобны візіт прадстаўніка Ватыкана ў гісторыі сучаснай Беларусі пасля 2008 года, калі краіну наведаў дзяржсакратар Святога прастола кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

Якія пытанні абмяркоўваліся пад час Вашай сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі? Ці плануецца развіваць адносіны паміж Ватыканам і Мінскам. Таксама як вы ацэньваеце міратворчы ўдзел Мінска ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне?

Паралін: Мы абмяркоўвалі пытанні таго, што адбываецца ва Украіне, а таксама адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам. Адна з тэм, якая абмяркоўвалася, — магчымае стварэнне ў Беларусі тэалагічнай акадэміі для падрыхтоўкі каталіцкіх служыцеляў.

Таксама гаворка ішла пра адносіны паміж каталікамі і праваслаўнымі. Прадстаўнікі ўлады распавялі пра добры пазітыўны клімат, які існуе паміж двума абшчынамі і неабходнасці падтрымліваць такія адносіны. Беларусь можа стаць прыкладам мірнага суіснавання паміж прадстаўнікамі розных культурных і рэлігійных традыцый. Беларусь можа стаць мадэллю для нашага свету, які пакутуе ад канфліктаў, тады калі гэтыя адрозненні замест таго, каб стаць крыніцай узаемнага багацця, становяцца прычынай сварак. Беларусь павінна і далей іграць гэту ролю і з боку Святога прастола яна заўсёды будзе карыстацца падтрымкай.

Ці чакаюць у Ватыкане візіту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнка? Нагадаем, разам з малодшым сынам Мікалаем ён наведваў Ватыкан у красавіку 2009 года і быў прыняты папам Бенедыктам XVI. Да і пасля гэтага візіту беларускі прэзідэнт запрашаў кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы наведаць Беларусь "у зручны для яго час".

Паралін: Так, з боку Святога пасаду ёсць гатоўнасць для візіту і гэта сустрэча абмяркоўвалася. Чакаецца толькі рашэнне ад кіраўніцтва Беларусі аб такім візіце і накіраванне запыту для ўдакладнення дат сустрэчы. Па пратаколе Святога прастола не накіроўваюцца запрашэнні палітычным лідарам для сустрэч з Папай. Такія сустрэчы запытваюцца зацікаўленымі бакамі, але гэта не выключае зацікаўленасці ў сустрэчы з абодвух бакоў.

Ці набліжае ваш візіт прыезд у Беларусь Папы Францішка? Беларускія каталікі даўно чакаюць яго. Калі гэта можа адбыцца?

Паралін: Калі мы закладвалі першы камень у падмурак новага будынка апостальскай нунцыатуры ў Мінску, я сказаў, што хацеў бы згуляць ролю Іаана Хрысціцеля, які служыў прадвеснікам прыходу месіі на зямлю. Сапраўды, ёсць вялікае жаданне ў Беларусі сярод каталіцкіх вернікаў убачыць Папу на беларускай зямлі. Я з гэтым сутыкаўся падчас сустрэч.

Думаю, што гэта пажаданне заслугоўвае задавальнення, каталіцкая абшчына заслугоўвае візіту пастыра ўніверсальнай царквы як з улікам таго вопыту пакут, якія перанесла гэта супольнасць, так і з улікам яе ўкладу ў аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Беларусі. Акрамя жадання з боку хрысціянскай супольнасці ёсць запрашэнні Папы ў Беларусь з боку органаў улады. Больш я нічога не магу сказаць на гэтую тэму, даты такога візіту будуць вызначаны ў будучыні, і я магу толькі спадзявацца, што Папа адкажа станоўча і прыме запрашэнне.

Цяпер шмат гавораць аб нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам. Ці абмяркоўваліся гэтыя пытанні на вашых сустрэчах? Ці бачыце Вы магчымы ўдзел Святога прастола ў гэтым працэсе?

Паралін: Так, гэта тэма не магла не закранацца падчас візіту. З таго, што я бачыў, можна гаварыць, аб большай адкрытасці Беларусі да краін ЕС і да ўсяго свету. І, зразумела, Святы прастол рады прынесці свой уклад у гэты працэс. Ёсць глыбокае перакананне, якое кіруе ватыканскай дыпламатыяй, што магчымыя цяжкасці павінны вырашацца не праз ізаляцыю, а праз дыялог, узаемныя сустрэчы, узаемную дапамогу. З нашага боку ёсць жаданне дапамагаць у дасягненні гэтых мэтаў.

У Беларусі кардынал П'етра Паралін прыме ўдзел у богаслужэнні з удзелам дзяцей ў Мінскім архікафедральным касцёле імя Прасвятой Дзевы Марыі. Пазней кардынал наведае міждыяцэзіяльнае начное чуванне моладзі, якое пройдзе 14-15 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі