Піраманы не падпальваюць машыны. Аўтамабілі ўзгараюцца самі!

Гістэрыя наконт піраманаў, што падпальваюць машыны ў Мінску і Гродне, неапраўданая. Інфармацыю аб падпалах аўтамабіляў абверглі і ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, і ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Два апошніх выпадкі на вуліцы Дзянісаўскай у сталіцы – самаўзгаранні, а не падпалы. Аб гэтым Еўрарадыё паведамілі ў Ленінскім РУУС Мінску: “Гэта было самаўзгаранне”

Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі і ў сталічным аддзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Там сказалі, што сёлета ў Мінску ўвогуле не было зафіксавана ніводнага выпадку падпалу аўтамабіля.

Еўрарадыё зацікавілася, як дзейнічаць у сітуацыі, калі вашая машына гарыць. Як выявілася, тут ужо нічога не зробіш – аўтамабіль гарыць усяго каля дзвюх хвілінаў. Нават МНСнікі за такі час не паспеюць прыехаць. Вось, што Еўрарадыё расказалі па гарачай лініі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

МНС:
“Набіраеце 101 і ўсё. Машына гарыць напрацягу дзвюх хвілінаў, напэўна. І вы нічога потым не зробіце. Трэба карыстацца вогнетушыцелем, які павінен знаходзіцца ў машыне”.

Як не дзіўна, гістэрыя наконт згарэлых аўтамабіляў амаль не закранула беларускіх “зорак”. Яны не надта хвалююцца, бо свае машыны застрахавалі. Гаворыць спявачка Іна Афанасьева:

“Па-першае, яна ў мяне застрахаваная. Па-другое, я яе стаўлю на стаянцы. Вы ведаеце, трэба баяцца за людзей, а не за машыны”.

Артыст Аляксандр Ціхановіч таксама застрахаваў сваю машыну. Але пакуль спраўляецца сам – часам рамантуе. Таму спадзяецца, што да самаўзгарання не дойдзе.

Аляксандр Ціхановіч: “У мяне машына застрахаваная. Няхай страхавая кампанія за гэта баіцца. Перасцярога якая можа быць? Ну, вазьму палку і буду за ім ганяцца. Што я яшчэ магу зрабіць? Безумоўна, я сам пакуль абслугоўваю сваю машыну, таму што езджу акуратна, і мне хапае маіх грошай пакуль яшчэ”.

Дырэктар прадстаўніцтва №1 па Мінску “Белдзяржстраху” Аліна Фралова расказала Еўрарадыё, што да іх ніхто не звяртаўся па выпадках узгарання аўтамабіляў. А астатнія страхавыя выпадкі, кшталту, разбілі акно, падрапалі капот, здараюцца проста ў незлічоных колькасцях:

Аліна Фралова: “Да нас па такіх выпадках зваротаў пакуль не было. А ўсе астатнія выпадкі – калі ўрон наносіцца трэцімі асобамі, то гэта паўсюдна, па жыцці. Дзесьці пакінулі, вярнуліся. Хтосьці міма праходзіў, падрапаў цвіком, чым заўгодна. Такіх выпадкаў вельмі шмат. То бок, іх мы не лічым незвычайнымі”.

Былы футбаліст зборнай Беларусі, а цяпер трэнер Аляксандр Хацкевіч ставіць сваю машыну на стаянку. Аднак усё адно лічыць, што ад няшчасных выпадкаў яго аўтамабіль не застрахаваны. Таму ў кожным разе, спадар Хацкевіч гатовы сам за сябе пастаяць.

Аляксандр Хацкевіч: “Ну, біта не ляжыць, але, у прынцыпе, сам за сябе магу пастаяць”.

Нагадаем, зусім нядаўна "піраманы" адзначыліся ў Гродне, дзе былі падпаленыя тры аўтамабілі. І, дарэчы, у тым жа Ленінскім раёне сталіцы ў 2000 годзе за паўгода піраман спаліў 9 аўтамабіляў, а два гады раней ў Савецкім раёне – цэлых 16! Што ўжо казаць пра Маскву, дзе за адну гадзіну маглі спаліць 6 аўтамабіляў! Таму сёння беларусам няма пра што хвалявацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі