ПКБ можа скарэктаваць новую назву партыі

Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ) можа скарэктаваць сваю новую назву. Пра гэта заявіў першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін. Як нагадвае БелаПАН, рашэнне пра перайменаванне ПКБ у Беларускую партыю аб'яднаных левых "Справядлівы свет" было прынята 25 кастрычніка па выніках галасавання на другім паседжанні XIV пазачарговага з'езду партыі.

У канцы снежня Міністэрства юстыцыі адтэрмінавала на месяц рэгістрацыю адпаведных змен і дадаткаў у статут ПКБ. Мінюст, у прыватнасці, меў прэтэнзіі да таго, што ў назве ёсць слова "аб'яднаныя", бо фармальна партыя ні з кім не аб'ядноўвалася. Другая прэтэнзія датычыць словы "камуністы". У Мінюсце палічылі, што з улікам новай назвы партыі ў статуце гэта слова фігураваць не можа, бо партыя ўжо не з'яўляецца камуністычнай.

Калякін паведаміў, што ў ПКБ пакуль не абмяркоўвалі дэталёва прэтэнзіі Мінюсту. Па яго словах, хутчэй за ўсё гэта будзе зроблена 13 студзеня на паседжанні бюро ЦК ПКБ.

Кажучы пра прэтэнзію да слова "аб'яднаныя", Калякін сказаў, што не лічыць прэтэнзіі міністэрства цалкам слушнымі. Аднак ён адзначыў, што наяўнасць гэтага слова ў новай назве партыі "не з'яўляецца на сто адсоткаў прынцыповым".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі