Удзельнікаў плана "Перамога" сапраўды забіраюць? Задаем нязручныя пытанні BYPOL
Беларускія сілавікі раз за разам рапартуюць аб затрыманнях людзей, якія нібыта ўдзельнічаюць у супраціве рэжыму. На адным з аператыўных відэа мужчына, якому сілавікі прастрэлілі нагу, кажа, што ён напісаў у бот плана “Перамога” і заданне на дыверсію атрымаў менавіта адтуль.
Няўжо BYPOL бачыць падобныя затрыманні і ўсё роўна адпраўляе партызанаў “на забой”?
— Кожная група атрымлівае максімальна падрабязныя інструкцыі па дзеяннях. Калі прытрымлівацца іх, верагоднасць [правалаў] зведзена практычна на нуль, — кажа Еўрарадыё суразмоўца з BYPOL. — Асобна адзначым выпадкі, калі былі затрыманыя грамадзяне, якія запісаліся ў фэйкавыя боты нібыта плана “Перамога”. Такія чат-боты знаходзяцца пад кантролем спецслужбаў дыктатара.
Акрамя таго, частка нібыта затрыманых грамадзян — гэта фэйкі рэжыму, створаныя для прапагандысцкіх мэтаў. У гэтых роліках здымаюцца агенты спецслужбаў дыктатара, якія да нас таксама звярталіся. Іх асобы нам вядомыя.
— Мы просім усё беларускае грамадства: перастаньце слухаць прапаганду! — працягвае прадстаўнік BYPOL. — Яны кожны дзень затрымліваюць людзей, якія не маюць ніякага дачынення да BYPOL і да плана “Перамога”. Прымушаюць іх пад катаваннямі запісваць пакаяльныя відэа аб тым, чаго яны не рабілі.
Па ўсёй краіне пракацілася хваля затрыманняў машыністаў цягнікоў і грамадзян, якія раней знаходзіліся ў базе МУС Беларусі “Беспарадкі”, а таксама раней судзімых за крымінальныя злачынствы. Колькі было затрымана тых, хто запісаўся ў план САЦа [Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра], мы не можам патлумачыць з меркаванняў бяспекі. Гэта дасць рэжыму дадатковыя доказы, якія негатыўна паўплываюць на лёс затрыманых грамадзян.
Рэжым баіцца плана “Перамога”, таму кідае вялікую колькасць сіл на барацьбу з намі. Аднак мы будзем працягваць працу над планам. Мы маем адзіную мэту — перамога над рэжымам Лукашэнкі.
Непрафесійныя падпольшчыкі
Партызаны, якіх затрымліваюць сілавікі, не падобныя да профі-спецназаўцаў. Чаму ініцыятыва адбірае для акцый людзей, якія мала датычныя не тое што да дыверсійнай, а нават да вайсковай справы?
— Адбіраюцца тыя, хто дамагаецца лепшай будучыні для сваёй краіны! Хто гатоў ахвяраваць сваёй свабодай і нават жыццём для гэтага. І дарэчы, гэта людзі, якія моцна трымаюцца на сваіх грамадзянскіх пазіцыях, маюць высокія інтэлектуальныя здольнасці і дастатковыя навыкі, каб выконваць задачы такога плану, — адказвае Еўрарадыё прадстаўнік BYPOL. — Нарэшце, мы лічым, што за незалежнасць нашай краіны павінен змагацца кожны беларус. Большая частка ўдзельнікаў плана — цывільныя.
Справаздача па плане
Што зроблена ўдзельнікамі “Перамогі” за апошнія месяцы?
— У плане “Перамога” Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра зарэгістравана больш за 200 тысяч неабыякавых грамадзян, у тым ліку тых, хто быў гатовы да актыўных дзеянняў нават не чакаючы запуску плана “Перамога”, — гавораць экс-сілавікі. — Адзначым, што план “Перамога” распрацоўваўся, каб людзі маглі дзейнічаць у звычайных мірных умовах, калі на тэрыторыі Беларусі не будуць прысутнічаць войскі Расіі. САЦ перафарматаваў дзейнасць, улічваючы агрэсію з боку Беларусі ў дачыненні да Украіны.
— У выніку дзейнасці неабыякавых грамадзян стала немагчымай хуткая і аператыўная перавозка вайсковай тэхнікі, зброі з тэрыторыі Расіі, — працягвае прадстаўнік BYPOL. — У выніку агрэсіі на незалежную Украіну з боку дыктатарскіх рэжымаў Беларусі і Расіі неабыякавыя грамадзяне па ўсёй краіне, дзе назіралася вайсковая тэхніка агрэсара, пачалі рабіць акцыі, якія б рабілі немагчымым забойства мірных грамадзян Украіны з тэрыторыі Беларусі.
У дадзены момант падыходзіць да канца перапрацоўка плана пад умовы акупацыі нашай краіны. Расія перакінула з Беларусі каля 85% тэхнікі, аднак з гісторыі мы ведаем, што расійскае войска лёгка заходзіць у краіну і вельмі цяжка выходзіць. Таму мы павінны ўлічваць гэты фактар. Аб нашых поспехах вы можаце прачытаць у нашым тэлеграм-канале, а таксама на нашым ютуб-канале.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.