Polarkreis 18: Твар у твар з людзьмі ў белым

На MELT! Festival Еўрарадыё пашчасціла сутыкнуцца ca знакамітай камандай з Дрэздэна Polarkreis 18. Хлопцы папазіравалі для нашай камеры, пасля чаго згралі на галоўнай сцэне свае самыя смачныя хіты Allein Allein, The Colour of Snow і іншыя.

У прэс-цэнтр MELT! Festival зайшлі пяць чалавек у дзівакаватых белых касцюмах. Гэта індзітронік-каманда з Германіі прыйшла паразмаўляць з журналістамі і простымі наведвальнікамі фестывалю.

                                


За ўсіх “аддзімаўся” бубнач Polarkreis 18 Крысц’ян Грохаў, бо астатнія хлопцы праседзелі ўвесь час моўчкі, а саліст гурта Фелікс Ройбер так і не з’явіўся ў прэс-цэнтры.


Праз паўгадзіны каманда павінна была выступаць на галоўнай сцэне фестывалю, таму прэс-канферэнцыя доўжылася літаральна 15 хвілін.


Затое Фелікс парадаваў людзей сваім выступам. Падчас канцэрту ён пастаянна знаходзіўся ў руху: то рабіў на сцэне фігуры і постаці з дапамогай аховы, то раптоўна з’яўляўся сярод натоўпу.

                                       


Пачаў выступ Polarkreis 18 песняй The Colour of Snow, а ў гэты час заходзіла і ярка асвячала сцэну сонейка. Здавалася, што каманда сапраўды апранутая ў снег…


Выступ гурта не абыйшоўся без казуса, бо напрыканцы выступу ўся ўвага слухачоў звярнулася ў іншы бок ад сцэны. Музыкі не разумелі, што адбываецца, і працягвалі выступаць. А ў канцы танцпляца, як высветліла Еўрарадыё, у экстазе танчыў голы хлопец. У прасунутых еўрапейцаў гэта чамусьці выклікала неверагодны ажыятаж.


Увогуле пра выступ Polarkreis 18 хочацца перш за ўсё сказаць “стылёва”. Бо гурт вытрыманы ў каларытным, загадкавым стылі, што цалкам адпавядае іх жанру індзітронікі і вельмі прыемна для вока меламана.



Фотаздымкі: Тося Кукс
 



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі