Польскія кандыдаты абяцаюць дармовы інтэрнэт і піярацца ў “Аднакласніках"
Еўрарадыё прасачыла за электроннай кампаніяй прэтэндэнтаў у прэзідэнты Польшчы і пабывала на сустрэчы кандыдата з блогерамі (+Фота).
Інтэрнэт грае надзвычайную ролю ў бягучай прэзідэнцкай кампаніі ў Польшчы. Усе кандыдаты маюць свае сайты ці прынамсі блогі, на якіх размяшчаюць актуальную інфармацыю і шукаюць валанцёраў. Многія маюць акаўнты ў сацыяльных сетках і розных камунікатарах.
Каля 150 тысяч чалавек прагледзелі ў YouTube выбарчую песню кандыдата ў прэзідэнты Польшчы Гжэгажа Наперальскага.
Кадр з кліпа на перавыбарчую песню Гжэгажа Наперальскага
Кліп з дзвюма сексуальнымі бландынкамі стаіць на галоўнай старонцы сайту трэцяга па папулярнасці кандыдата.
Скрыншот галоўнай старонкі сайта Гжэгажа Наперальскага
Развіццё інтэрнэта — адзін з асноўных акцэнтаў у перадвыбарчай кампаніі Наперальскага. На яго сайце нават размешчаны артыкул "Электронны прэзідэнт" (E-prezydent Napieralski :), а на тэледэбатах ён заклікаў да ўвядзення бясплатнага інтэрнэту ў кожнай польскай школе.
Гжэгаж Наперальскі: "Школы мусяць быць сучасныя. Бясплатны інтэрнэт, камп’ютары — у кожнай школе. Бясплатная адукацыя — на ўсіх узроўнях!"
15 чэрвеня Наперальскі нават сустрэўся з вядомымі польскімі блогерамі ў штабе сваёй партыі — Саюзе дэмакратычнай лявіцы.
Кандыдат у прэзідэнты Польшчы сустракаецца з вядомымі блогерамі
Гжэгаж Наперальскі дыскутуе з блогерамі
Дызайн сайтаў двух іншых кандыдатаў-лідараў – Яраслава Качыньскага і Браніслава Камароўскага — даволі просты. Але і яны маюць акаўнты на папулярных сацыяльных сетках, напрыклад у Фэйсбуку, а таксама "Нашым класе" — аналагу расійскіх "Аднакласнікаў". Напрыклад, у "Нашым класе" Камароўскі мае ўжо больш за 50 тысяч знаёмых.
Скрыншот сайта Браніслава Камароўскага, які зараз выконвае абавязкі прэзідэнта
Скрыншот галоўнай старонкі сайта Яраслава Качыньскага
Праўда, месяц таму на прэзентацыі старонкі Камароўскага адбыўся канфуз — сайт не адкрыўся, бо не ўдалося знайсці сервер. Пра новую старонку прыйшлося расказваць без паказу яе на экране.
Не забываецца пра інтэрнэт яшчэ адзін значны кандыдат, чыя сялянская партыя прадстаўленая ў парламенце — Вальдэмар Паўляк. Міністр гаспадаркі лічыць, што праз пяць гадоў ва ўсёй Польшчы можна будзе зрабіць бясплатны бяздротавы інтэрнэт. Гэта — адзін з прыярытэтаў яго праграмы.
Міністр гаспадаркі Польшчы Вальдэмар Паўляк у будынку Сейма
Вальдэмар Паўляк: "Сам доступ да інтэрнэту павінен быць бясплатны... Бясплатны доступ да бяздротавага інтэрнэту магчымы цягам пяці бліжэйшых гадоў. Сёння можна сказаць: як для жыцця неабходная ежа, так для хуткага развіцця нашай краіны — агульнадаступны інтэрнэт".
Прысутны ў сетцы даўжэй за за ўсіх іншых кандыдатаў ― эпатажны Януш Корвін-Міке,
які, паводле апошніх апытанняў, выйшаў на 4-е месца па папулярнасці. "Інтэрнэт – адзіны шлях эфектыўнага прадстаўлення маёй кандыдатуры!", ― піша ён у сваім блогу. Папулярнае выданне Gazeta Wyborcza называе Януша Корвіна-Міке "прэзідэнтам інтэрнэту".
Скрыншот блога Януша Карвіна-Міке
Януш Корвін-Міке мае даволі вялікую актыўную інтэрнэт-супольнасць, апублікаваў большую за ўсіх кандыдатаў колькасць ролікаў у YouTube, досыць папулярны на Фэйсбуку і блогах. Ягоны афіцыйны сайт абнаўляецца куды часцей за сайты апанентаў.
У сваім блогу Януш Корвін-Міке змясціў нумар свайго перадвыбарчага банкаўскага рахунку і просіць прыхільнікаў пералічваць грошы, каб купіць дадатковы рэкламны час на папулярных тэлеканалах.
Фота: Елісееў Андрэй