Попел з ісландскага вулкану можа даляцець і да Беларусі

Пра гэта ў размове з Еўрарадыё адзначыла спецыяліст па забруджванні паветра Рэспубліканскага цэнтру маніторынгу навакольнага асяроддзя Багдана Казярук. Па яе словах, усё залежыць ад сілы ветру і ападкаў.

Багдана Казярук: “Калі не будзе ападкаў і вецер паверне на паўночны захад на вышыні ад 5 да 10 кіламетраў, гэты пыл часткова можа прыпаўзці і да нас. Прыляціць – жыць будзем. Але будзе павышаны ўзровень пылу. Цяпер і без таго запыленасць павышаная, бо доўга няма ападкаў. Пылавае забруджанне на вышыні да 4 кіламетраў – гэта мясцовае забруджанне. Гэта пажары на мяжы з Расіяй, на поўначы з Украінай. Ды чаго хавацца – колькі ў нас спальваецца травы на палях ды раскладваецца вогнішчаў! Гэта таксама забруджванне, і можа – не меншае”.

Нагадаю, вывяржэнне вулкана ў Ісландыі блакавала паветраную прастору Заходняй Еўропы. У выніку ва ўсёй Еўропе было адменена 17 тысяч авіярэйсаў, у тым ліку ў Польшчы і Латвіі. Вулканічнае воблака закранула Скандынавію і рухаецца ў бок краін Бенілюкса. Нацыянальны аэрапорт "Мінск" заявіў пра гатоўнасць прымаць самалёты, якія адхіліліся ад маршруту з-за воблака попелу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі