Порцыю пазітыўнага ска-панку з'елі ў Мінску (фота + відэа)
Лепшыя мінскія ска-панк гурты "Пару Рублей" і "Йо-Йо" адкаўбасілі клубны канцэрт. Шкада, што сваёй пазітыўнай музыкай ды гарачай энергетыкай "Пару Рублей" і "Йо-Йо" не "упэўнілі" арт-дырэктара аднаго з мінскіх клубаў, які лёгкім узмахам рукі проста "кінуў" музыкаў на грошы. Выпадак, на жаль, не адзінкавы ў нашым музычным наваколлі, аднак павучальны: стары клуб лепшы за новыя два!
Удзячныя прыхільнікі гурта
Аркестар суровага пазітыву "Пару Рублей" пад кіраўніцтвам Паўла Яноўскага "адмачыў" перад фэнамі сэт з вывераных часам баевікоў, а таксама новых песень з будучага альбому гурта, які, дарэчы, рыхтуецца. Атмасфера вар'яцкага вяселля ў сумесі з горкай жыццёвай філасофіяй не пакінула абыякавай ні беларусаў, ні немцаў, якія радасна скакалі пад рытмы шалёнага ска-панку.
Удзячныя прыхільнікі гурта
Выступ гурта "Йо-Йо" падаўся менш канцэптуальным і суцэльным: драйвовая атмасфера, пакінутая "Рублямі", засталася, а адсутнасць гітарыста "Йо-Йо" і лірычныя бардаўскія сола вакаліста Віктара ламалі кайф танцорам. Аднак на карысць: танцоры маглі адпачыць ды сербануць піва. Фэны каманды аддана спявалі песні і нават бралі аўтографы ў музыкаў. На жаль, каманда з-за клубнага "ліміту" не здолела адыграць усе запланаваныя песні, якіх за амаль 15 гадоў існавання набралося на некалькі альбомаў.
Так хочацца верыць, што аднойчы нашы музыкі пачнуць зарабляць грошы сваёй музыкай, а арт-дырэктары будуць выконваць свае абяцанні...