Port Mone: Маскоўскі клуб — гэта добра, але лепш — "АртПоле" і філармонія ў Еўропе

З 12 па 18 ліпеня недалёка ад Адэсы пройдзе міжнародны фестываль "АртПоле-2010", у якім 15 краін прадставяць свае пэрфомансы, лэндарт і музыку.  Беларускімі ўдзельнікамі фэста сёлета стануць гурты Gurzuf, Маланка Orchestra і Port Mone. Па словах акардэаніста Port Mone Аляксея Варсобы, трыа ўжо другі раз возьме ўдзел ў музычным форуме дзякуючы сяброўскім адносінам з арганізатарамі фэста, што склаліся ў бакоў падчас працы.

Аляксей Варсоба: “Трапілі мы на фэст у мінулым годзе: падавалі туды заяўку — і нас прынялі. Пасля гэтага ў нас адбылося турнэ па Ўкраіне пад эгідай фестывалю "АртПоле". Гэты тур яны арганізавалі як канцэртнае агенцтва. Ну а потым мы гралі ў Адэсе і Кіеве, прэзентуючы сёлетні фэст”.

Паводле Аляксея, Port Mone часткова прадставіць на фэсце кампазіцыі са свайго дэбютнага альбома “Dip” і зайграе шмат новых твораў.

Прыхільнікі Port Mone, якія не здолеюць патрапіць на "АртПоле", могуць паназіраць за выступам гурта на летнім Family-Fest пад Санкт-Пецярбургам. Аднак самі Port Mone больш цешацца сваім асеннім гастролям, падчас якіх адыграюць на вялікім міжнародным акардэонным фэсце ў Партугаліі і наведаюць з канцэртамі Фінляндыю.

Нагадаем, сёлета гурт Port Mone быў намінаваны адразу ў дзвюх намінацыях на незалежную маскоўскую прэмію “Степной волк”, цырымонія ўручэння якой адбылася ў Маскве 13 чэрвеня. Беларусы не трапілі ў лік пераможцаў і атрымалі не самы найлепшы досвед стасункаў з маскоўскай тусоўкай.

Аляксей Варсоба: “Адбывалася гэта ўсё, як мне падалося, неарганізавана, было шмат незразумелай публікі, пафаса, высокія кошты, кепскія паводзіны Шнурава. У мяне не надта добрыя ўражанні засталіся ад гэтага”.

Згодна са словамі Аляксея, маскоўская клубная тусоўка не з’яўляецца самамэтай гурта Port Mone. Музыкі разлічваюць на больш высокія рэчы.

Аляксей Варсоба: “Што казаць пра самастойныя пошукі, дык яны накіраваныя зусім не туды. Хоць гэта і ганарова, я думаю. Мала таго, што яны накіраваныя ў Еўропу, яшчэ і ў колы, якія займаюцца не столькі клубнай культурай, а канцэртамі ў больш фармальных залах — у філармоніях, касцёлах, пляцоўках не клубнага фармату”.

Выступ Port Mone на фэсце "Артполе-2010" адбудзецца 15 ліпеня ў 20.00

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі