Пра атручаных курэй не ведаюць нават іх вытворцы

У партыі бройлераў “Маладзечанскай птушкафабрыкі”, прывезенай у Расію, Рассельгаснаглядам былі знойдзеныя шкодныя для здароўя мезафільныя аэробныя і факультатыўна-анаэробныя мікраарганізмы. І 29 траўня пастаўкі прадукцыі гэтага прадпрыемства ў суседнюю краіну былі абмежаваныя. Аднак беларусы працягваюць есці атручанае мяса, бо пра небяспеку іх яшчэ ніхто не папярэдзіў. Нават на самой птушкафабрыцы пра гэта, як кажуць, і куры не шэпчуць. Гаворыць галоўны ветэрынар прадпрыемства Анатоль Савянок:

“Ніхто нам нічога не паведамляў. Што яны там знайшлі… Хто ў нас там што правяраў… Першы раз чую ад вас. Калі б што, мне паведамілі б адразу. Тут бы ўжо вайна была. Лёталі б усе”.

У чым прычына? Расіяне пра мікробы ў нашай курыцы ведаюць, а беларусы не. Дык можа, выйшла памылка? Пратакол аб затрыманні партыі бройлерных куранятаў Еўрапейскаму радыё зачытаў прэс-сакратар “Рассельгаснагляду” Аляксей Аляксеенка:

“Указаная партыя прадукцыі ў колькасці 1206 кілаграмаў выпрацавана на прадпрыемстве “Маладзечанская птушкафабрыка”. Пра гэта паведамляюць ветэрынарнай службе рэспублікі. Калі яны ўжо атрымалі гэты дакумент, то павінны ведаць пра гэта. Але яны маглі яшчэ не атрымаць. Таму што гэта свежы дакумент”.

Мікробы, знойдзеныя ў маладзечанскіх куранятах, сведчаць пра парушэнне тэмпературных рэжымаў захоўвання прадукцыі і нездавальняючы санітарны стан вытворчасці. Чым шкодныя гэтыя мікробы, расказвае Аляксей Аляксеенка:

“Яны небяспечныя тым, што могуць выклікаць харчовае атручванне. Дакладней, не самі мікробы, а тыя таксіны, якія яны выдзяляюць”.

Увогуле, пасля таго, як Рассельгаснагляд знаходзіць нейкія парушэнні на беларускіх прадпрыемствах, тыя правярае мясцовая ветэрынарная служба. Пасля выпраўлення парушэнняў ветслужба паведамляе аб гэтым Рассельгаснагляду і дае гарантыі, што далейшага заражэння прадукцыі не будзе. І толькі пасля гэтага пастаўкі ўзнаўляюцца.

З той прычыны, што пошта з Расіі ідзе доўга, на беларускай птушкафабрыцы яшчэ нічога ня ведаюць. За выходныя там зноў жа пра гэта ніхто не даведаецца.

Аляксей Аляксеенка запэўніў Еўрапейскае радыё, што гэта звычайная практыка, і часовыя перапынкі ў пастаўцы беларускага мяса і птушкі краіне-суседцы пагоды не робяць:

“Справа ў тым, што гэты выпадак не з’яўляецца нейкім выключным. Такія ж мікробы выяўлялі ў прадукцыі, якая паступала з В’етнама, Кітая і г.д. Міжнародны рынак мяса вельмі вялікі.

Сёння асноўныя аб’ёмы мяса паступаюць да нас з дальняга замежжа. Да прыкладу, Бразілія пастаўляе нам мяса на паўтара мільярда долараў у год. Не параўнаць з тымі аб’ёмамі, якія можа вырабляць уся Рэспубліка Беларусь”.

Можа быць, таму і не спяшаюцца яны паведаміць пра гэта нашай ветэрынарнай службе. А пакуль пошта паціху перасякае расійска-беларускую мяжу, на “Маладзечанскай птушкафабрыцы” і ў вус не дзьмуць:

“Вы што? Прадаем мы бройлеры, і ўсё ў парадку. Я не ведаю, што там панапісвалі”.

Хто ведае, колькі чалавек можа атруціцца мясам “Маладзечанскай птушкафабрыкі”, пакуль на прадпрыемстве нарэшце даведаюцца, што ж там панапісвалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі