Пра што напісала апазіцыя, і што прачыталі выбарцы?

Выбарчая кампанія пакуль не засвяцілася ў газетах, але ўжо даўно "падарвала" беларускі Інтэрнэт. Асабліва блогі. Пакуль гэта галоўная крыніца інфармацыі пра парламенцкія выбары. Тым цікавей паглядзець, якімі ўжо цяпер "бачаць" выбары прасунутыя карыстальнікі. Пару тыдняў таму прадстаўнік дэмакратычнага кандыдата пацікавіўся, пра што яго кандыдата будуць пытаць выбарнікі на сустрэчах. І быў напэўна расчараваны: амаль усе сышліся на тым, што пытанняў не будзе. Давядзецца папрацаваць самому. Але пытанні ў блогераў і звычайных карыстальнікаў з'явіліся, як толькі яны ўбачылі "кандыдатаў".

Апазіцыя і ўлада — кожны цяпер чытае выбарцу сваю "мантру". Улада прагаворвае малітву сумленнасці таго, што адбываецца навокал: "Усё сумленна: у выбаркамах будзе прадстаўлены шырокі палітычны спектр". Гэты загаловак СБ — цытата з інтэрв'ю адказнага сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка. "Госпадзе, ну калі ўсё гэта "сумленна", то што ж такое несумленна?" — на форуме партала задаецца вельмі разумнае пытанне.

Сайт Аб'яднаных дэмакратычных сіл па задумцы зроблены так, каб яго немагчыма было знайсці. Паспрабуйце, падбярыце адрас сайта па ключавых словах — паўдзельнічайце ў выбарчай кампаніі. Толькі не спрабуйце знайсці аб'яднаную апазіцыю па адрасе www.demаkraty.by і іншых вытворных ад яго. Гэта было б занадта проста. Сайт арыентаваны на чалавека, які валодае замежнымі мовамі і, да таго ж, разбіраецца ў абрэвіятуры АДС. Калі нават пасля гэтых намёкаў вы не змаглі знайсці, не хвалюйцеся — гэта нармальна. Адрас сайта www.udfb.org

Пад самай шматспадзеўнай спасылкай на сайце "Ці гатовая апазіцыя да выбараў?" (так гучыць мантра апазіцыі) знаходзім… спіс з 110 чалавек, дэлегаваных у выбарчыя камісіі (а вы што жадалі прачытаць пад гэтай спасылкай?) Трэба думаць, гатовасць да выбараў склала 110%! Пры гэтым спісу будучых кандыдатаў нідзе не існуе, хоць шматлікія блогеры шукаюць менавіта яго. А тым часам сёй-той з будучых кандыдатаў знайшоў сябе ў іншых дэмакратычных спісах, чаму бязмерна здзівіўся.

"Спадары, гэта ўжо не смешна. Калі развясёлае скамароства справаздачных маршаў і вайна з маладымі радыкаламі восені мінулага года ўспрымалася з іроніяй, то гэтыя баталіі ўспрымаюцца з гідлівасцю", — піша блогер belbaraxolka.

Перадвыбарная праграма апазіцыі на сайце з'явілася літаральна ўчора (мусіць, дапрацоўвалася ў апошні момант). Там шмат цікавага. Напрыклад, патрабаванне адмяніць прапіску. Мусіць, гэтай "праграме" ўжо не адзін год, таму што прапіска нібыта адмененая.

Блогер pronkly тым часам знайшоў у сваёй паштовай скрыні сапраўдную ўлётку Аб'яднаных дэмакратычных сіл "Што зробім для Беларусі?" (наклад 10 тысячаў, друкарня Казані). І параўнаў гэтую ўлётку з іншай — напісаную ад рукі, адсканаваную і шматразова раздрукаваную на каляровай паперы. Гэтую ўлётку ІТ-кампаніі блогер атрымаў у той жа дзень на вуліцы, і яна яму падалася больш крэатыўнай. Прачытаўшы дэмакратычную ўлётку, блогер (ён жа — выбарца) задаў яе аўтарам добрыя пытанні, адказаць на якія аб'яднаным кандыдатам будзе карысна:

Цытата з улёткі: Кантроль над уладай!
Што думае аб гэтым выбарца: О так! Гэта пяць! Вы б хоць напісалі, як мы вас кантраляваць будзем-то?
Цытата з улёткі: Цяпер вы ведаеце пазiцыю АДС.
Што думае аб гэтым выбарца: Угу. Толькі вось вы б яшчэ хоць бы ў двух словах распісалі, як вы збіраецеся палепшыць эканоміку, як можаце адкрыць новыя магчымасці для краіны і як створыце новыя працоўныя месцы.

Так што ў Інтэрнэце па прынцыпе "Кантроль над уладай" у аб'яднаных дэмакратаў з'явілася пляцоўка "Кантроль над апазіцыяй". Эфектыўнасць такога кантролю сапраўды будзе апрабаваная ў гэты раз. А Еўрарадыё прасочыць за гэтым.

Фота — zavadsky.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі