Праблемы дзяцей ў Беларусі і за мяжой аднолькавыя, а іх рашэнні — розныя
У Мінску сабраліся міжнародныя і беларускія эксперты па аказанні дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад гвалту.
У сталіцы Беларусі гэтымі днямі праходзіць трэцяя міжнародная канферэнцыя серыі “Бяспечная Беларусь для дзяцей”. Эксперты з камісіяў па справах непаўналетніх, псіхолагі, выкладчыкі, журналісты ды прадстаўнікі органаў улады абмяркоўваюць пытанні абароны дзяцей ад гвалту. Еўрарадыё паразмаўляла з адным з арганізатараў канферэнцыі, выканаўчым дырэктарам Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэем Маханьком.
Еўрарадыё: Ці праблемы беларускіх дзетак адрозніваюцца ад праблем іх аднагодкаў у іншых краінах?
Маханько: Амаль нічым не адрозніваюцца. Праблема гвалту над дзіцяцем гэта — універсальная праблема. І дзеці ў той жа Брытаніі нічым не адрозніваюцца ад дзяцей беларускіх. Толькі што сістэма абароны дзяцей, якія сталі ахвярамі гвалту, у развітых краінах крыху іншыя. Там даўно ўжо існуюць міждысцыплінарныя сувязі паміж прфесіяналамі розных галін дапамогі. І цяпер мы будуем такія сувязі тут, у Беларусі з дапамогаю нашых экспертаў з Брытаніі, з дапамогаю нашай партнёрскай арганізацыі Брытанскай Рады. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Гэтае партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі на развіццё сістэмы аховы дзяцей ад гвалту.
Еўрарадыё: А чаму ў Беларусі не было гэтых механізмаў?
Маханько: Я б не стаў казаць, што сістэмы зусім не было. Была сістэма, што датычыла дзяцей, якія пазбавіліся апекі бацькоў. Што ж датычыцца непасрэдна аховы дзяцей ад гвалту — гэтая праблема мае сваю спецыфіку. Яна ў нашай краіне пачала агучвацца толькі напачатку ХХІ стагоддзя. І толькі цяпер мы прыйшлі да таго, што сістэму гэтую трэба прыводзіць у нейкую форму, зразумелую для ўсіх удзельнікаў працэсу. Такая форма мусіць быць падобная да сістэм, якія ўжо збудаваныя ў свеце.
Еўрарадыё: З чаго павінна складацца сістэма? Што апроч дзіцячай лініі?..
Маханько: Акрамя дзіцячай лініі, якая працуе 24 гадзіны штодзень, без перапынкаў таксама ў суботу і нядзелю, ёсць прыязныя дзецям пакоі апытання для дзяцей-ахвяр і сведкаў разнастайных злачынстваў, асабліва сэксуальнага характару. Гэтыя пакоі размешчаны амаль ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама ў Наваполацку. Такіх пакояў ужо восем. У першай палове гэтага года мы плануем давесці лік пакояў да дванаццаці. А з улікам таго, што мы адчынім яшчэ дзесяць пакояў у судах Беларуси, у 2012 годзе гэтых пакояў будзе больш за дваццаць. Яшчэ адна частка сістэмы — рэабілітацыя пацярпелых дзяцей. У гэтым накірунку мы таксама робім значныя крокі. Сістэма складаецца з дзвюх асноўных частак. Першая — гэта клінічная рэабілітацыя: калі дзіця моцна пацярпела фізічна ад сексуальнага гвалту. Другая частка сістэмы — сацыяльна-псіхалагічная. Такую праграму мы плануем заснаваць у сацыяльна-педагагічных цэнтрах нашай краіны.
Фота: photoclub.by