Прадаўцы на рынках не баяцца праверак Мінэканомікі

Мінэканомікі пагражае праверкамі рынкавым гандлярам, якія падвышаюць кошты. А адміністрацыі рынкаў кажуць, што пра праверкі яны даведваюцца ў апошнюю чаргу. Услед за доларам, які падаражэў на 20%, пачалі расці кошты на прадукты. Дзяржава спрабуе стрымаць гандляроў праверкамі. Пакуль марна.

Прадукты даражэюць па ўсёй Беларусі. У Брэсцкай вобласці кошты скокнулі ад 5 да 30% - перадае наш карэспандэнт Іван Юрашчык.

Іван Юрашчык: На ганцавіцкіх, баранавіцкіх і нясвіжскіх рынках мандарыны раней каштавалі 4500 рублёў, а зараз - 6000. Кошты на асноўныя прадукты харчавання таксама падскочылі: у лідэрах хлеб - на 11%, смятана - на 7%, малако і кефір - на 6,6%. За кілаграм грэчкі трэба аддаць на 360 рублёў болей. Цана на фрукты ўвогуле пайшла ўгору: гранаты сталі даражэй на 3000 за кілаграм, ківі - на 1800, лімоны - на 1200, бананы - на 1100 рублёў.

Пра падаражэнне мяса ды мыйных сродкаў распавядае карэспандэнт Еўрарадыё Юрась Вітальеў.

Юрась Вітальеў: Пасля Новага года падняліся цэны на мяса на 4000 рублёў. Цяпер яно каштуе 18 тысяч. Мыйныя сродкі распрадаюць яшчэ па старых коштах, але з новым завозам цэны падвысяцца на 20%.

За сітуацыяй у Віцебску назірае Ядзвіга Сташэўская.

Ядзвіга Сташэўская: Кошты на рыбу, садавіну і агародніну ўжо падвысіліся. Неўзабаве чакаецца, што падаражэе свініна ды ялавічына. Пакуль мяса яшчэ можна набыць па кошце ад 9 да 16 тысяч. Кілаграм курынага філе каштуе ўжо на 1000 больш. Паціху паўзуць угору цэны на малочныя прадукты, а вось гарэлка ды тытунь каштуюць гэтак жа, як і раней.

Дагэтуль спецыялісты аддзелаў па цэнаўтварэнні толькі праводзілі маніторынг коштаў ды прапаноўвалі гандлярам дабравольна зніжаць цэны. Але ўжо сёння органам кантролю дадзена праводзіць праверкі гандлёвых прадпрыемстваў. Па выніках праверак за неабгрунтаванае падвышэнне коштаў пачнуць караць па-сапраўднаму.

Раней праверкамі займаўся Камітэт дзяржаўнага кантролю, але на час крызісу распараджэннем прэзідэнта ў яго гэтую функцыю забралі. Аднак, каб не пакідаць сферу гандлю без нагляду, права праверкі пакінулі ўраду, які не прамінуў ім скарыстацца. Ён даручыў Камітэту па цэнам Мінэканомікі праверыць усе рынкі Беларусі, распавялі Еўрарадыё ў самім камітэце.

Мінэканомікі: Зараз праводзяцца праверкі на рынках у абласцях і ў Мінску. Практычна ўсе рынкі правяраюцца.

Больш дакладную інфармацыю у міністэрстве паведамляць не жадаюць. Таму невядома, ці ёсць ужо першыя аштрафаваныя паводле вынікаў праверак.

У рынкавых адміністрацыях пра праверкі нічога распавесці не могуць, таму што іх пра гэта не папярэджваюць — адразу ж ідуць да гандляроў.

Рынак “Ждановічы”: Мы не займаемся цэнаўтварэннем ды кантролем за коштамі. Мы здаем гандлёвыя месцы ў арэнду. Калі прыязджае праверка, яны нам не гавораць, адразу ж ідуць да гандляроў.

Пасля праверкі на адным з рынкаў у Брэсце адзін з гандляроў сказаў карэспандэнту Еўрарадыё: "А што яны нам могуць давесці? У нас накладныя". Маўляў, падвышэнні коштаў відавочныя, абгрунтаваныя і абскарджанню не падлягаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі