Прадстаўнікі Беларусі Uzari & Maimuna не выйшлі ў фінал Еўрабачання

Прадстаўнікі Беларусі дуэт Uzari & Maimuna з песняй Time не выйшлі ў фінал “Еўрабачання-2015”. Першы паўфінал еўрапейскага песеннага конкурсу прайшоў у Вене 19 траўня. Сярод 16 краін журы і гледачы выбралі 10 лепшых. Фіналістамі сталі прадстаўнікі Албаніі, Арменіі, Расіі, Румыніі, Венгрыі, Грэцыі, Эстоніі, Грузіі, Сербіі і Бельгіі. Яшчэ дзесяць фіналістаў стануць вядомыя 21 траўня.

Якое дакладна месца занялі беларусы, не паведамляецца. Па правілах "Еўрабачання" вынікі галасавання ў паўфіналах застаюцца ў сакрэце і публікуюцца пасля фіналу.

Адзначым, што букмекеры аддавалі спеваку Юзары і скрыпачцы Маймуне ў першым паўфінале 9-10 месца, а ў фінале ― толькі 22-е.

Юзары і Маймуна: Для нас "Еўрабачанне" — не стометроўка!

Фінал пройдзе 23 траўня. За перамогу ў 60-м песенным конкурсе "Еўрабачанне" пазмагаюцца 27 краін: па дзесяць пераможцаў двух паўфіналаў, краіна-гаспадыня (Аўстрыя), 5 краін-заснавальніц Еўрапейскага вяшчальнага саюза (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Германія і Іспанія) і ўпершыню Аўстралія, якая ўдзельнічае ў якасці выключэння.

Беларускія гледачы могуць галасаваць толькі ў паўфінале, у якім удзельнічалі Uzari & Maimuna, і фінале. Прычым, каб пазбегнуць так званага “суседскага галасавання”, з 2009 года апроч гледачоў галасуе і журы — па 5 прафесіяналаў у музычнай сферы ад кожнай краіны. У склад нашага ўвайшлі Віталь Карпанаў, Іскуі Абалян, Аксана Арцюшэўская, Аляксей Грос ды Наталля Марынава.

Новае журы "Еўрабачання" таксама супраць Канчыты Вурст

Нагадаем, з 2004 года, калі Беларусь упершыню выступіла на Еўрабачанні, у фінал змаглі прабіцца толькі чацвёра прадстаўнікоў нашай краіны: Teo, Алёна Ланская, гурт “3+2” і Дзмітрый Калдун, які, дарэчы, паказаў самы лепшы вынік на конкурсе — 4 месца ў паўфінале і 6 месца ў фінале.

Як Беларусь выступала на Еўрабачанні (інфаграфіка, відэа)

Нашы на Еўрабачанні: 17 радок у букмекераў і 800 тысяч праглядаў на Youtube

Юзары і Маймуна перамаглі ў нацыянальным адборы яшчэ ў снежні 2014 года. Прычым праходзіў ён па новых правілах: 7 вынікаў ад журы і 1 ад гледачоў, якія галасавалі з дапамогай смс-паведамленняў і тэлефанаванняў. У выніку звычайныя беларусы паставілі на першае месца брэсцкі гурт Muzzart, на другое — дзявочы калектыў Аляксандра Рыбака "Miлki" і толькі на трэцяе — Uzari & Maimuna. Але меркаванне журы разышлося з глядацкім і, натуральна, дуэт спевака і скрыпачкі пачаў падрыхтоўку да конкурсу.

Uzari & Maimuna прадставяць Беларусь на Еўрабачанні-2015 (відэа)

Дарэчы, тое, як праходзіў нацыянальны адбор, моцна абурыла пераможцу “Еўрабачання-2009Аляксандра Рыбака, які адмыслова да конкурсу сабраў фальклорны квінтэт і падрыхтаваў для яго песню з народным каларытам. Праз пэўны час пасля адбору нарвежац беларускага паходжання выклаў відэазварот, у якім падзяліўся сваімі ўражаннямі ад конкурсу і журы:

“Я вельмі спадзяюся, што я гэта журы ніколі ў жыцці не ўбачу, таму што будзе вельмі складана рабіць выгляд, што я рады і хочацца ўсміхацца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі