PRANA. “Завтра новый день”

Насычанае падарожжа ў свет дзявочых хваляванняў і летуценняў, абсалютнай пяшчоты і анёльскай чысціні. Але цынікаў і шукальнікаў глыбокіх сэнсаў не пераканае. “Узлёт на брэсцкую сцэну...”, “...імкліва ўварвалася...”, “...не толькі адкрыццё, але і сімвал...” і, нарэшце, “Гэты музычны год для Брэста і берасцейцаў пройдзе, несумнеўна, пад імем PRANA”. Распавядаючы пра яе яркі дэбют, журналісты не шкадуюць эпітэтаў. Ці вартая таго гэтая 23-гадовая дзяўчына, якую хвалюе толькі каханне, блакітнае неба над галавой і вышэйшая праўда ў кожным з нас?

НЕ РАЗМЕНЯЙ

Адсутнасцю шчыльнай зчэпкі з нашай, скажам шчыра, бруднаватай для анёльскіх крылаў рэчаіснасцю Кацярына Праневіч (такое сапраўднае імя і прозвішча PRANA) найбольш адрозніваецца ад Земфіры, да пакалення якой аднесла сябе ў адным з інтэрв’ю. Па тэмпераменце “Завтра новый день” — гэта сумесь Арэф’евай і Арбенінай.

У адной песні больш меладычных распевак і медытацыі — тут пераважае Арэф’ева.

ГОСТИ – из середины, со словами «Заходи в дверь, заходи, не бойся»

У іншым трэку больш дэкарацыяў і дэкламацыяў, а ў мелодыі адчувальныя джазавыя гармоніі — там адзначылася “снайперша”.

КРЫША

Плытка складаецца з сумных баладаў і гучыць маналогам 23-гадовай ідэалісткі, якая пакутуе ад безвыніковасці пошукаў таго адзінага, які ўмее “прыручаць дзікіх птушак”. Вось так наіўна і банальна. Калі вам гэтыя пошукі ўжо надакучылі — вам будзе не вельмі цікава. Нічога прынцыпова новага пра сардэчныя справы PRANA нам не паведамляе. “Завтра новый день” — гэта пра самага мужнага яго і пра самую прыгожую яе.

ОНА БЫЛА КРАСИВА

Песні пра мірскія жарсці ў PRANA — на мяжы з хрысціянскімі гімнамі. Пад распеўкі пра каханкаў, якія ўсё ніяк не могуць паразумецца, прыхаваныя пачуцці большай глыбіні. Рэлігійныя матывы  ў песнях ненавязлівыя і амаль незаўважныя. Але там-сям Кацярына напэўна думае і спявае не пра зямное, а пра нябёснае — абсалютнае каханне.

ПРИСНИЛОСЬ – с начала слов или «Ты придиии ко мне…».

Галоўнае, што ўжо ёсць на гэтым альбоме — гэта выкшталцоныя фартэпіянныя аранжыроўкі ад клавішніка хрысціянскага гурта “Spasenie” Пятра Семенюка.

TEMP ME NOT – завыванні перад развіццём

Песня, якую мы зараз з вамі слухаем, называецца Temp Me Not і ўваходзіць ужо не ў альбом, а ў extra bonus да яго. Гэта перадапошні трэк плыткі, а ў апошняй кампазіцыі — з назвай PRANA Instrumental — Кацярына вырашыла нагадаць нам, што яна не проста так тут паспяваць выйшла, а сапраўдную музычную школу скончыла. Гэта амаль 14-хвілінная фартэпіянная п’еса, якую мы з вамі зараз праслухаем цалкам...

...ну ладна, ладна, жарт! Няма ў нас, журналістаў, сумлення. Такі белы і пухнаты альбом, заўтра новы дзень, пусть всегда будет солнце і ўсё такое, а нам усё жарты... Пакідаем вас з самай кранальнай песняй дыска PRANA — калыханкай “Мальчик-Одуванчик”. Вельмі цёплай і, відавочна, прысвечанай самаму-самаму галоўнаму чалавеку, які ёсць у кожнага з нас. Нават у апошніх цынікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі