"Праз 15 год расійскі крэдыт будзе аддаваць іншае кіраўніцтва краіны"

Расія ўжо заявіла аб сваім прынцыповым намеры выдзеліць нашай краіне стабілізацыйны крэдыт у 2 мільярды долараў. У той жа час з’явілася інфармацыя, што Беларусь папрасіла столькі ж грошай у Міжнароднага валютнага фонду. Еўрарадыё вырашыла даведацца, на якіх умовах расіяне дадуць беларусам крэдыт і як мы будзем аддаваць пазыку. Праблемы, як аддаваць грошы, па словах эканаміста Леаніда Заікі, перад сённяшнім урадам не стаіць. Калі крэдыт дадуць на 15 год, як і папярэдні, то аддаваць яго будуць ужо зусім іншыя людзі.

Леанід Заіка:
“Дык яго на 15 год дадуць. Я думаю, што праз 15 год кіраўніцтва краіны будзе на заслужанай пенсіі. Яно аддаваць не будзе”.

Умовы, на якіх Расія выдзеліць крэдыт Беларусі, пакуль невядомыя, бо яшчэ не заключаная дамова, паведаміў Еўрарадыё саветнік Міністэрства фінансаў Беларусі Сяргей Здановіч:

“Умоваў пакуль няма, таму што няма падпісанага дагавору. Але было прынятае прынцыповае рашэнне пра выдзяленне крэдыту. А ўжо ўмовы будуць вядомыя толькі пасля падпісання дамовы. Зараз гэтыя пытанні актыўна абмяркоўваюцца”.

Леанід Заіка лічыць, што такія вялікія крэдыты нам зараз не патрэбныя. І сам здзіўляецца, навошта нам гэтыя грошы, калі сёлетнія эканамічныя паказчыкі Беларусі проста бліскучыя.

Леанід Заіка: “Бліскучыя фінансавыя вынікі гэтага года. ВУП вырас на 10%, экспарт вырас на 60%. То бок, на 60% вырасла валютная выручка. Мы больш атрымалі валюты. А гэта мільярды долараў. Прыбытак прадпрыемстваў вырас на 75%. Пытаецца, навошта браць крэдыты? Гэта абсалютна бязглуздая сітуацыя”.

На думку спадара Заікі, урад проста спрабуе набраць грошай пад шумок фінансавага крызісу.

Леанід Заіка: “Зараз прасіць грошы ў кагосьці абазначае тое, што ўрад не ўмее распараджацца тым, што робяць гаспадарчыя суб’екты. Значыць, урад дапусціў нейкія памылкі, агрэхі? А пра гэта не паведамляе, не гаворыць. То бок, тут якраз пад шумок, пад фінансавы крызіс, пад размовы аб праблемах, плацяжах набраць грошай”.

На што б беларускі ўрад ні пусціў гэтыя грошы, лічыць эканамічны аглядальнік “Белгазеты” Сяргей Жбанаў, нам трэба ў ногі Расіі кланяцца, бо гэта наш адзіны надзейны і танны крэдытор.

Сяргей Жбанаў: “У кожным разе гэта будзе падарунак ва ўмовах крызісу. У нас жа няма магчымасці з іншых крыніцаў стварыць падобную падушку бяспекі. Уласна, у нас чарга крэдытораў не стаіць на парозе. Адзіная Расія прапаноўвае. Трэба дзякаваць і кланяцца”.

Варта зазначыць, што папярэдні расійскі крэдыт быў выдзелены на 15 год з пяцігадовай адтэрміноўкай пагашэння пад стаўку LIBOR плюс 0,75%. Такім чынам, на нашым рахунку хутка будзе два, а то і тры крэдыты, калі разам з Расійскім урадам МВФ пагодзіцца выдзеліць нам яшчэ 2 мільярды долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі