Праз 7 гадоў смяротнасць на дарогах будзе роўная нулю?

Па афіцыйных звестках, леташнюю праграму “Мінус 100” беларускія ДАІшнікі перавыканалі больш чым удвая – на дарогах у выніку дарожна-транспартных здарэнняў загінула на 214 чалавек менш, чым у 2006 годзе. Калі гэтая праграма будзе і далей выконвацца такімі тэмпамі, то, па падліках Еўрарадыё, менш чым праз 7 гадоў смяротнасць на дарогах у нас будзе роўная нулю. Праграма “Мінус 100” дзейнічае ў краіне другі год. Дзякуючы ёй, па словах начальніка ДПС Юрыя Літвіна, смяротнасць у выніку дарожна-транспартных здарэнняў у 2007 годзе зменшылася. Калі ў 2006 на дарогах загінула каля 1700 чалавек, то летась гэтая лічба была “ўсяго” каля 1500 чалавек.

Юрый Літвін: “Пазалетась у нас было каля 1770 загінуўшых, летась – 1500. Мы лічым, што 1500 гэта таксама шмат. Таму, безумоўна, выступаем за яшчэ большае зніжэнне”.

Па падліках “Салідарнасці” за перыяд з 25 красавіка па 7 траўня, у ДТЗ загінула 50 чалавек. А за той жа перыяд летась – 25. Але гэтыя падлікі пра рост смяротнасці ў два разы начальнік рэспубліканскай ДПС пакінуў на сумленні журналістаў. Па яго словах, смяротнасць нібыта знаходзіцца на тым жа ўзроўні, што і летась.

Юрый Літвін:
“Калі казаць менавіта пра смяротнасць, то яна пакуль на ўзроўні мінулага года. Колькасць жа дарожна-транспартных здарэнняў зменшылася, і колькасць параненых таксама зменшылася”.

Еўрарадыё пацікавілася, якімі метадамі ДАІ збіраецца дабівацца зніжэння смяротнасці, каб і сёлета здолець выканаць праграму “Мінус 100”. Па словах начальніка ДПС, ДАІшнікі перш за ўсё будуць лавіць “ліхачоў”. А дапамогуць ім у гэтым звычайныя аўтамабілі без апазнавальных знакаў, абсталяваныя прыладамі відэафіксацыі і кантролю хуткасці.

Юрый Літвін:
“З 12 траўня ДАІ праводзіць акцыю па бяспецы дарожнага руху. Па ўсёй краіне яна будзе праходзіць да 12 чэрвеня. Мэта – прафілактычная праца па зніжэнні хуткасных рэжымаў. Усімі даступнымі сродкамі будзем даводзіць насельніцтву правілы паводзінаў на дарогах. І, натуральна, кантраляваць хуткасныя рэжымы. Прычым, з аўтамабіляў стандартнага выканання, звычайнай машыны, але абсталяванай сістэмамі фота- і відэафіксацыі”.

Не вельмі моцна пагоршылі сітуацыю на дарогах, па яго словах, і шматлікія травеньскія святы. Начальнік ДПС кажа, што ў нецвярозым стане 9 траўня па краіне было затрымана 205 кіроўцаў, а 10 – 220.

Юрый Літвін: “Асаблівага пагаршэння сітуацыі не было. Былі транспартныя здарэнні, але з-за перавышэння хуткасці. Звычайна гэта не правільна выбраная хуткасць, чалавек не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы дарогі, наехаў на дрэва альбо нейкую пабудову і г.д. Па пешаходным траўматызме фіксуецца змяншэнне, па іншых відах – аналагічна”.

Такім чынам, аўтамабілі без апазнавальных знакаў з інспектарамі ДАІ і праграма “Мінус 100” за некалькі гадоў, па ўсіх меркаваннях, дазволяць звесці смяротнасць на беларускіх дарогах да нулю. Прынамсі, па афіцыйных звестках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі